БЕЛ Ł РУС

Толькі мова нас звязвае

23.11.2026 / 18:59

Міхась Яснотка

Беларусь узнікла там, дзе бытавалі беларускія гаворкі. Мова — гэта найбольш значны твор нашых продкаў. Дасканалы, складаны і найпрыгажэйшы твор. Калі занядбаем мову — збяёдаем і нацыю, піша эканаміст Міхась Яснотка.

Пярсцёнкі з беларускімі словамі. Фота з сацсетак

У спрэчках мы спасылаемся альбо на навуку, альбо на перакананні.

Калі мы спрачаемся пра тое, як уладкаваныя грамадствы, дзяржавы і цывілізацыі, навука не надта трывалы грунт, бо некаторыя знаходзяць навуковы падмурак для капіталізму, а іншыя, узброіўшыся таксама навуковымі аргументамі, прасоўваюць камуністычныя ідэі. Нават апеляцыя да даных і фактаў можа перарасці ў спрэчку пра метады і пакінуць апанентаў пры сваіх асабістых поглядах. Бо асабістыя погляды ёсць нават у самых навуковых навукоўцаў.

Што тычыцца поглядаў і перакананняў, то яны бываюць як вынікам нашых рэфлексій наконт уласнага досведу, так і дагматамі. І тое, і тое — стэрэатыпы рознай глыбіні залягання, апрацаваныя нашай свядомасцю да ўзроўню ўніверсальнага закону. Карыстацца спрошчанымі інтэрпрэтацыямі дзеля пабудовы карціны свету цалкам натуральна і рацыянальна, але як толькі пабудова зацвярдзее, спрэчка з пазіцыі дагматаў і перакананняў робіцца бессэнсоўнай. Калі адзін з бакоў не можа ўцямна абгрунтаваць сваю пазіцыю, ён не будзе слухаць аргументы другога боку, бо інакш давядзецца разбурыць ужо гатовы будынак.

Пытанне, якое я збіраюся разгледзець — ці патрэбная беларускай нацыі беларуская мова — якраз з такіх: навука адказаў не дасць, а спрэчка пра тое, чый дагмат правільнейшы, загадзя асуджаная.

Першае, што кідаецца ў вочы, — бязглуздасць гэтага пытання. Калі б, скажам, літовец запытаў у сваёй грамады, ці патрэбная літоўскай нацыі літоўская мова, грамада ўсур’ез засумнявалася б у ягоным псіхічным здароўі. Але беларусы — не літоўцы, у нас свае экзістэнцыйныя выбары. Бяда ў тым, што, у адрозненне ад спрадвечнага пытання «рагачоўская ці глыбоцкая», гэтае не можа быць развязанае з дапамогай сляпога тэставання. Таму справа, за якую я бяруся, амаль бессэнсоўная. І ўсё ж.

Каб пазбегнуць выключэння ўдзельнікаў нашага ўяўнага дыспуту па тых ці іншых крытэрыях («сакральнасць» мовы, гісторыі ці культуры, што б гэта ні значыла, альбо «здаровы рэалізм», як бы мы яго ні разумелі), я прапаную выкарыстоўваць максімальна шырокае азначэнне беларускай нацыі: да яе мы аўтаматычна адносім кожнага і кожную, хто вызнае сябе беларусам ці беларускай. Я — беларус. Ні слова болей, вы прынятыя!

Не будзем блытаць прыналежнасць да нацыі з этнасам, народам і грамадзянамі. Народ — гэта тая частка беларускай нацыі, якая жыве ў Беларусі. Грамадзяне — тыя, хто мае пашпарт Беларусі ці, прынамсі, яе грамадзянства (незалежна ад нацыянальнасці і месца жыхарства). Этнас — штука больш складаная. Можна быць этнічным беларусам і не адносіцца да беларускай нацыі і наадварот, адносіцца да нацыі і не быць этнічным беларусам. Прыклады перад вачыма. Такім чынам, прыналежнасць да нацыі — толькі самавызначэнне.

Самавызначэнне тут — гэта атаясамліванне сябе з нейкай групай людзей. Людзі, якія атаясамілі сябе з іншымі беларусамі ў 2020-м, нярэдка кажуць пра тое, што беларуская нацыя нарэшце сфарміравалася (ці нарэшце пачала фарміравацца). Для іх — так. Да нацыі далучыліся новыя чалавечыя адзінкі. Вітаем на борце!

Нават калі б застаўся адзін чалавек, які вызнаваў бы сябе беларусам, нацыя існавала б. Бо ён ці яна атаясамлівалі б сябе з чымсці, што існуе па-за цяперашнім часам і асабістым досведам камунікацыі. Чаму нас кранаюць гісторыі пра тое, як археолагі і гісторыкі знаходзяць новыя сведчанні аб старажытнасці гісторыі і высокім узроўні культуры нашай тэрыторыі? Альбо пра тое, як нашыя сучасныя мецэнаты набываюць дзеля вяртання ў краіну (цяпер ці ў будучыні) прадметы мастацтва ці гістарычныя артэфакты, якія былі створаныя нашымі продкамі? Чаму ў нас баліць сэрца, калі руйнуюцца, занядбаныя, помнікі нашай архітэктуры, наша гістарычная спадчына? Бо ўсё тое — творы розуму і таленту нашых продкаў, якіх мы лічым беларусамі (незалежна ад іхняга самавызначэння). Нацыя — гэта яшчэ і вызначэнне іншых. Такім чынам, беларуская нацыя існуе даўно і сфарміравалася таксама даўно. Суцешцеся, спадарове. Цяперашняе пытанне не ў фарміраванні беларускай нацыі, а ў яе захаванні (і пашырэнні — чаму не?)

Што ж стварыла яе, нацыю? Адказ — у абрысах таго самага дубовага лістка, мапы сучаснай Беларусі. Беларусь менавіта такая і менавіта тут, бо нацыя ў нашай частцы свету дагэтуль з’яўляецца асновай краінабудавання. Што ж дазволіла лакалізаваць беларускую нацыю? Разрэзаныя межамі і рэлігійнымі ідэнтычнасцямі, беларусы мелі адзіную супольную рэч — «гаворку». Перапіс 1897 году і этнаграфічныя мапы Яўхіма Карскага давалі адзіны крытэрый для вызначэння этнасу ці народа — моўны. Сваю тэрыторыю мы як краіна, як дзяржава, атрымалі ў спадчыну менавіта ў мовы.

Мова — гэта найбольш значны твор нашых продкаў. Дасканалы, складаны і найпрыгажэйшы твор. Няўжо не баліць сэрца ад таго, што гэты твор занядбаны? «Ці ж гэты скарб не збрыў дзе проч, ці трутнем ён не з’едзены?» Хіба ж мову можна лічыць адно толькі ўтылітарным сродкам зносін? Няўжо яна — разам з «Евай» Суціна, знаходкамі на замчышчы старога Менску ці алтарным іканастасам Жыровіцкага манастыра — не вартая, каб лічыць яе цаглінай у будынку беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці? І нават болей — кутнім каменем у яе падмурку.

Шкарпэткі з беларускай айдэнтыкай. Фота з сацсетак

Ну то й змесцім мову у падмурак нашага нацыянальнага музея і будзьма шанаваць яе як гісторыка-культурную каштоўнасць! Пару разоў на год будзем нязграбна прамаўляць на дзень беларускага пісьменства ўжо не надта знаёмыя словы ці нават адводзіць душу ў коле такіх самых аматараў даўніны. Але каб карыстацца ёй штодня? Мы ж не карыстаемся крамянёвай сякерай ці друкарскім рыштункам часоў Скарыны! Каб вызнаваць сябе беларусамі, хопіць і музея мовы! Асабліва цынічныя могуць нават дадаць: «Так-так, не будзем пэцкаць яе боскую чысціню аб гэтую брудную рэчаіснасць — хай аб яе руская мова пэцкаецца!»

Ці не заўважылі вы, што мы перайшлі ад рацыянальных (навуковых ці стэрэатыпных) абгрунтаванняў да эмацыйных? Калі я маю эмацыйную сувязь з беларускай нацыяй, хіба не мацнейшыя будуць гарызантальныя сувязі, давер да тых, хто складае разам са мной гэтую супольнасць? Але што стварае гэтую сувязь? Спадчына 2020-га? Перасварыліся і працягваем сварыцца. Тэрыторыя, «я нарадзіўся тут»? Але ці «я памру тут»? Раскіданыя па свеце — як хутка перастануць вызнаваць сябе беларусамі? 17 верасня і 3 ліпеня? «Здань камунізму», выкліканая ў гэты свет чарнакніжнікамі контррэвалюцыі-2021, знайшла сабе толькі некалькі жывых трупаў, якія не маюць ніякага дачынення да злучэння беларусаў у нацыю. «Мова», — адкажу я вам. Менавіта мова, калі яна пакрысе верне сабе функцыю сродку зносін, здолее злучыць тых, хто вызнае сябе беларускамі і беларусамі, па-сапраўднаму трывалымі повязямі.

Рэклама ў Мінску. Фота з сацыяльных сетак

Таму калі мы занядбаем мову — то ўрэшце занядбаем і нацыю. І не трэба спасылак на досвед Ірландыі — цяпер іхняя мова амаль знікла, але пагаворым гадоў праз 30. Ізраіль — нацыя, якую цэментавала Тора і богавыбранасць — вярнуў сваю мову з нябыту праз тысячы гадоў. Але гэта ўжо пайшлі сумнеўныя аргументы.

— Аднак ты забыўся ўлічыць яшчэ адзін аргумент — апошні,— кажа галоўны звяздар,— той аргумент, што ўвесь час засланяецца ад цябе табою.

Я гляджу на яго — i разумею яго.

Кладу руку на агонь — i агонь, які перад гэтым кусаўся люта, ліжа маю далонь.

Мой апошні, непераможны, утоены i ад мяне аргумент, — я сам.

Я сам — гэта абсалютна дастатковы аргумент, калі ў краіне існуе такая палітычная сістэма, дзе ў меншасцяў ёсць правы. Мова тытульнай нацыі ў Беларусі (нават у «Новай») — гэта мова меншасці. Але гэтага дастаткова, каб пачаць вяртаць гэтай мове тое, што ёй належыць — нацыю і краіну.

* * *

Тэксты ў рубрыцы «Меркаванні» могуць супадаць, а могуць і не супадаць з пазіцыяй Рэдакцыі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула