«Я чуў галасы ў галаве». Баксёр Тайсан Ф'юры расказаў, як у яго дыягнаставалі шызафрэнію
Брытанскі баксёр Тайсан Ф’юры расказаў, што неўзабаве пасля заваявання тытула чэмпіёна свету ў баі з Уладзімірам Клічко ў 2015 годзе ў яго дыягнаставалі шызафрэнію і біпалярны разлад, піша Бі-бі-сі.
Тайсан Ф'юры. Фота: AP Photo/Kin Cheung
38‑гадовы баксёр прызнаўся, што чуў галасы ў галаве, якія пагражалі прычыніць шкоду яму і яго сям’і. Пра праблемы са здароўем ён і ягоная жонка Пэрыс расказваюць у дакументальным фільме, які ў пятніцу выйдзе на платформе Netflix.
Паводле Ф’юры, дыягназ яму паставілі пасля таго, як у чэрвені 2016 года ён трапіў у бальніцу з падазрэннем на сардэчны прыступ. Баксёр успамінае, што тады перажываў надзвычай цяжкі перыяд, а трывога літаральна паралізавала яго.
Ён звярнуўся да псіхіятра ў Лондане, якая задала яму мноства пытанняў пра ягоны стан. Ф’юры адказаў станоўча на ўсе пытанні, звязаныя з дэпрэсіяй, трывожнасцю і біпалярным разладам. Паводле слоў баксёра, дактары спачатку паведамілі яму, што ў яго быў прыступ моцнай трывогі.
Ф’юры таксама расказаў, што яму здавалася, быццам радыё размаўляе з ім. Ён прасіў жонку забраць яго з бальніцы, бо баяўся, што за ім палююць «ілюмінаты». Пасля перамогі над Клічко баксёр набраў вагу і пачаў змагацца з залежнасцю ад алкаголю і наркотыкаў.
«Усё дайшло да таго, што я чуў галасы ў галаве. Я не мог спакойна сядзець і размаўляць, бо ў галаве ўвесь час гучалі нейкія гукі», — успамінае ён.
Ф’юры прызнаецца, што доўгі час не ведаў, куды звярнуцца па дапамогу, і адчуваў, што не можа справіцца са сваім станам.
Пасля выпіскі з бальніцы ў яго пацвердзілі шызафрэнію і біпалярны разлад. Паводле брытанскай Нацыянальнай службы аховы здароўя, шызафрэнія адносіцца да псіхатычных разладаў. Яе сімптомы могуць уключаць галюцынацыі, трызненне, блытаніну ў думках і маўленні. Для біпалярнага разладу характэрныя рэзкія перапады настрою.
Пераломным момантам у сваім жыцці Ф’юры называе 2017 год, калі пайшоў святкаваць Хэлаўін. Убачыўшы сябе ў люстэрку і параўнаўшы з іншымі людзьмі, ён усвядоміў, наколькі моцна змянілася яго жыццё. Баксёр зразумеў, што страціў ранейшую форму і апынуўся ў залежнасці ад алкаголю, хоць некалі, паводле яго слоў, меў увесь свет у сваіх руках.
Пасля гэтага Ф’юры пачаў больш увагі надаваць сям’і і вярнуўся да трэніровак. У 2020 годзе ён зноў стаў чэмпіёнам свету ў суперцяжкой вазе, перамогшы амерыканца Дэантэя Уайлдэра.
Цяпер брытанец рыхтуецца да доўгачаканага паядынку з суайчыннікам Энтані Джошуа. Бой запланаваны на 11 снежня ў Кардыфе. Яго пакажуць у жывым эфіры на Netflix.
Чытайце таксама:
«Я проста пажартаваў»: Трамп усё ж не збіраецца прызначаць кіраўніка UFC на пасаду прэс-сакратара