Усю сельскую гаспадарку Ельскага раёна аддадуць «Мазырсолі»
Да 2030 года ўсе сельскагаспадарчыя прадпрыемствы Ельскага раёна плануюць уключыць у структуру ААТ «Мазырсоль». Пра гэта заявіў генеральны дырэктар прадпрыемства Уладзімір Дворнік, які раней узначальваў Гомельскі аблвыканкам, піша «Флагшток».
Здымак ілюстрацыйны. Фота: БелТА
Паводле слоў Уладзіміра Дворніка, мэта аб’яднання — інтэграваць сельскагаспадарчую і прамысловую вытворчасць, каб павялічыць выпуск прадукцыі. Адной з галоўных задач Дворнік назваў паляпшэнне ўмоў працы і павышэнне заробкаў.
Сцвярджаецца, што на прадпрыемствах, якія ўжо ўвайшлі ў структуру «Мазырсолі», умовы працы істотна палепшыліся. Пры гэтым сельскагаспадарчыя падраздзяленні працягваюць займацца ранейшай дзейнасцю.
Паводле сайта Ельскага райвыканкама, у раёне налічваецца пяць сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Сярод іх — КСУП «Скараднянскі», кіраўніком якога прызначылі былога старшыню Рэчыцкага райвыканкама Віталя Панчанку. Ён быў асуджаны на сем гадоў калоніі і пазбаўлены права займаць кіруючыя пасады, але атрымаў пасаду дырэктара гаспадаркі.
Як паведамляў «Флагшток», сярод работнікаў «Скараднянскага» распаўсюджана меркаванне, што Панчанка карыстаецца падтрымкай Дворніка. Паводле гэтай версіі, генеральны дырэктар «Мазырсолі» зацікаўлены ў прызначэнні свайго знаёмага кіраўніком гаспадаркі, якую плануюць перадаць прадпрыемству ўжо ў наступным годзе.
Уладзімір Дворнік узначальваў Гомельскі аблвыканкам з 2010 да 2019 года, пасля быў намеснікам прэм’ер-міністра Беларусі. У красавіку 2021 года яго прызначылі генеральным дырэктарам «Мазырсолі». Ён таксама быў ініцыятарам будаўніцтва ў Гомелі за непамерна вялікія грошы флагштока і грамадскай прыбіральні, якія выклікалі скандал. Дворнік таксама вядомы жорсткімі мерамі супраць курэння на «Мазырсолі».
Чытайце таксама:
Адстаўлены віцэ-прэм'ер Шулейка будзе ствараць на Гродзеншчыне аграхолдынг
Хто такі Аляксандр Ломскі, новы віцэ-прэм'ер па сельскай гаспадарцы