БЕЛ Ł РУС

Кароль Карл ІІІ вырашыў добраахвотна плаціць «падатак на асабнякі»

24.11.2026 / 00:17

Nashaniva.com

Кароль Карл III добраахвотна пагадзіўся плаціць дадатковы падатак на дарагую нерухомасць, хоць брытанская карона юрыдычна вызваленая ад такіх збораў. Як паведамляе The Telegraph, штогадовыя выплаты за каралеўскія рэзідэнцыі пачнуцца пасля набыцця новымі правіламі моцы ў красавіку 2028 года.

Карл ІІІ. Фота: Peter Powell — WPA Pool/Getty Images

Новы збор для ўладальнікаў дарагой нерухомасці — High-Value Council Tax Surcharge (HVCTS) — брытанскі ўрад увёў у 2025 годзе. Паводле ацэнак уладаў, ён закране каля 165 тысяч аб’ектаў у Англіі. Штогадовы падатак складзе ад 2,5 да 7,5 тысячы фунтаў стэрлінгаў (ад 3,27 да 9,81 тысячы даляраў).

Пад яго дзеянне могуць трапіць Букінгемскі палац, Віндзарскі замак і Кларэнс-хаўс — афіцыйная лонданская рэзідэнцыя Карла III і каралевы Камілы. Пры гэтым маёнткі Сандрынгем і Балмарал належаць каралю асабіста і не з'яўляюцца ўласнасцю кароны.

Новы збор можа закрануць і іншых членаў каралеўскай сям'і. Напрыклад, маёнтак Хайгроў належыць герцагству Корнуэл, якім цяпер кіруе прынц Уільям. Калі нерухомасць падпадзе пад дзеянне падатку, яго будзе плаціць герцагства. Маёнтак Гаткомб-парк, які належыць прынцэсе Ганне і быў падораны ёй маці ў 1976 годзе, таксама можа трапіць пад новыя правілы.

Паводле брытанскага заканадаўства, карона вызваляецца ад падаткаў, калі закон напрамую не прадугледжвае іншага. Таму рашэнне Карла III плаціць новы збор за каралеўскія рэзідэнцыі будзе добраахвотным. Як адзначае The Telegraph, яно звязанае з імкненнем манарха зрабіць фінансы каралеўскай сям'і больш празрыстымі.

У канцы чэрвеня Карл III упершыню ў якасці дзейнага манарха апублікаваў звесткі пра падаткі, выплачаныя з яго асабістых даходаў. З моманту ўзыходжання на трон у 2022 годзе ён пералічыў у дзяржаўны бюджэт больш за 30 мільёнаў фунтаў (каля 39,22 мільёна даляраў). Раней такую інфармацыю публікавалі толькі за перыяд, калі Карл быў прынцам Уэльскім.

Першым брытанскім манархам, якая добраахвотна пагадзілася плаціць падаткі, стала Лізавета II. Яна абвясціла пра гэта ў 1992 годзе на фоне грамадскай крытыкі багацця і выдаткаў каралеўскай сям'і.

Чытайце таксама:

«Будзьце ўпэўненыя, мы даволі хутка яе забудзем». Успаміны брата прынцэсы Дыяны выклікалі абурэнне каралеўскай сям'і

На ўсходніх Карыбах вырашылі мяняць Лізавету ІІ на грашах не на Карла ІІІ

Кароль Карл вырашыў не пераязджаць у Букінгемскі палац пасля завяршэння рамонту

Трамп параіў Мерцу заняцца Украінай і Германіяй, а Стармеру — браць прыклад з Карла ІІІ

Каментары да артыкула