«Гэтай вайны можна было пазбегнуць». Канцлер Германіі назваў памылкай рашэнне не прымаць Украіну ў НАТА ў 2008 годзе
Канцлер Германіі Фрыдрых Мерц назваў памылкай тое, што ў 2008 годзе саюзнікі не падтрымалі амерыканскую прапанову наконт уступлення Украіны ў НАТА. На яго думку, сяброўства краіны ў альянсе магло прадухіліць расійскую вайну.
Фрыдрых Мерц. Фота: Paulo Nunes dos Santos / Bloomberg via Getty Images
Пра гэта Мерц заявіў 23 лістапада ў Берліне на сумеснай прэс-канферэнцыі з генеральным сакратаром НАТА Маркам Рутэ.
«Калі б яна стала сябрам НАТА, гэтай вайны, імаверна, можна было б пазбегнуць», — сказаў канцлер.
Як адзначае DIE ZEIT, гэтым Мерц таксама раскрытыкаваў пазіцыю Ангелы Меркель, якая ўзначальвала нямецкі ўрад у 2008 годзе і выступала супраць такога кроку. Нават пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання яна абараняла сваё рашэнне: сцвярджала, што перспектыва ўступлення Украіны ў НАТА магла падштурхнуць Пуціна да агрэсіі ўжо тады.
На Бухарэсцкім саміце 2008 года абмяркоўвалі прадастаўленне Украіне і Грузіі плана дзеянняў па сяброўстве — этапу падрыхтоўкі да ўступлення ў альянс. Краіны яго не атрымалі. Пры гэтым у выніковай дэкларацыі саюзнікі паабяцалі, што абедзве дзяржавы стануць сябрамі НАТА, але не вызначылі тэрмінаў.
Цяпер Мерц падтрымлівае заклік Эмануэля Макрона зноў абмеркаваць уступленне Украіны ў альянс. Паводле канцлера, пасля вайны Кіеў павінен атрымаць гарантыі бяспекі, блізкія да прадугледжаных артыкулам 5 дагавора НАТА. Гэты артыкул замацоўвае прынцып калектыўнай абароны: узброены напад на аднаго саюзніка разглядаецца як напад на ўсіх.
Рутэ, са свайго боку, прапанаваў адказваць на кожную новую расійскую правакацыю ў Еўропе павелічэннем дапамогі Украіне. Ён назваў гэта найлепшай рэакцыяй на парушэнні паветранай прасторы Польшчы і гібрыдныя атакі ў іншых еўрапейскіх краінах.