Пентагон затрымлівае пастаўкі Украіне ракет-перахопнікаў Patriot
Украіна дагэтуль не можа атрымаць каля 60 зенітных ракет-перахопнікаў для комплексаў СПА Patriot, пастаўкі якіх ужо былі ўзгодненыя. Пастаўкі, у тым ліку з еўрапейскіх арсеналаў, чакаюць ухвалення кіраўніка Пентагона Піта Хегсета, піша ВВС са спасылкай на Financial Times.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: AP Photo / Michal Dyjuk, File
Пастаўка першых 8 ракет PAC-3 была запланаваная на верасень, па 10 ракет Украіна павінна была атрымаць у кастрычніку і лістападзе, яшчэ 12 — у снежні. Паводле афіцыйных асоб і крыніцы выдання, знаёмай з сітуацыяй, ніводная з чатырох партый яшчэ не атрымала дазволу на дастаўку.
Пастаўкі былі прыпыненыя міністрам абароны Пітам Хегсетам, паведамляюць суразмоўцы выдання.
Ракеты для комплексаў Patriot вырабленыя ў ЗША, таму Вашынгтон павінен ухваліць іх экспарт і рээкспарт, нават калі гаворка ідзе пра еўрапейскія запасы.
Украіне таксама выдалі каля 20 ракет-перахопнікаў старэйшай мадэлі (PAC-2), але і ў гэтым выпадку пакуль няма дазволу ад Пентагона.
Сістэмы Patriot — адзін з нямногіх даступных Украіне відаў зброі, здольных перахопліваць расійскія балістычныя ракеты.
Напярэдадні ўвечары прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што Расія рыхтуе новыя ўдары. Паводле яго слоў, таму трэба «пераадолець зацягванне паставак перахопнікаў PAC-2 і PAC-3 з ЗША» і паскорыць пастаўкі СПА ад заходніх партнёраў.