Мінчанка не паверыла аферыстам, але пяць гадзін угавораў, і яна аддала ім грошы
23‑гадовая мінчанка неаднаразова бачыла навіны і сацыяльную рэкламу пра махляроў. Таму, калі ёй патэлефанаваў фальшывы аператар мабільнай сувязі, яна не паверыла. Аднак пасля пяці гадзін угавораў назвала код з СМС — і ў выніку страціла свой ашчадак, паведамляе мінская міліцыя.
Суразмоўца пераконваў дзяўчыну, што код патрэбны для пераафармлення дамовы на паслугі сувязі.
Калі мінчанка яго назвала, ёй патэлефанаваў у месенджары ўжо «супрацоўнік КДБ». Ён заявіў, што махляры выкарысталі яе звесткі для афармлення трох крэдытаў, а грошы перавялі на незаконныя рахункі.
Дзяўчыну пераканалі, што для пазбягання крымінальнай адказнасці трэба выплаціць пазыку банку. Яна сабрала свой ашчадак і перадала 15 тысяч рублёў незнаёмцу, якога лічыла банкаўскім кур’ерам.
Пасля гэтага ёй прапанавалі самой стаць кур’еркай. Тады мінчанка зразумела, што яе падманулі, і звярнулася ў міліцыю.