Каля смеццевага кантэйнера ў Вільні знайшлі зніклую карціну «Каранацыя Міндоўга»
Гісторыкі мастацтва шукалі не адно дзесяцігоддзе.
Фота Arunas Gelunas, Facebook.com
У Вільні каля смеццевага кантэйнера знайшлі карціну, якую гісторыкі мастацтва шукалі не адно дзесяцігоддзе. «Каранацыя Міндоўга», напісаная Рымтасам Калпокасам, упрыгожвала літоўскі павільён на сусветнай выставе ў ЗША ў 1939 годзе. Карціну знайшлі каля кантэйнера. На шчасце, людзі, якія праходзілі міма, забралі яе і перадалі рэстаўратарам, піша Delfi.
Пра гэту знаходку ў сацсетцы Facebook паведаміў гендырэктар Літоўскага нацыянальнага мастацкага музея Арунас Гелунас.
«Сенсацыя. Дзякуючы добрым людзям толькі што была знойдзеная зніклая ў 1939 годзе карціна Рымтаса Калпокаса «Каранацыя Міндоўга», якая ўпрыгожвала літоўскі павільён на сусветнай выставе ў ЗША! Карціну пакінулі каля кантэйнера на віленскай вуліцы Біруты, аднак двое адказных грамадзян (без іх згоды імёнаў не называю) забралі яе і прывезлі ў цэнтр рэстаўрацыі імя Пранаса Гудзінаса. Саму карціну і гісторыю яе знаходкі прадставім журналістам на прэс-канферэнцыі ў рэстаўрацыйным цэнтры. Гісторыя літоўскага мастацтва працягваецца!», — напісаў ён.
Рымтас Калпокас (1908—1999) — літоўскі мастак, які жыў у Коўне, выкладаў у Ковенскай мастацкай школе, Інстытуце прыкладнога і дэкаратыўнага мастацтва, Ковенскім аддзяленні Літоўскага мастацкага інстытута. Памёр там жа.