МУС адпрацоўвае падаўленне масавых беспарадкаў ва ўмовах «асаблівых сітуацый»
Беларускія сілавікі рэгулярна трэніруюцца разганяць пратэсты. Цяпер МУС абвясціла вучэнні ўжо для «асаблівых сітуацый»: падаўлення масавых беспарадкаў пры «рэзкім абвастрэнні абстаноўкі» і ўвядзенні надзвычайнага становішча.
Камандна-штабныя вучэнні пачынаюцца 24 лістапада пад кіраўніцтвам міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова. У іх удзельнічае і дзяржсакратар Рады бяспекі Аляксандр Вальфовіч.
Заяўленая тэма — кіраванне сіламі дзяржаўнай сістэмы рэагавання пры масавых беспарадках ва ўмовах надзвычайнага становішча. Такім чынам, адпрацоўваць збіраюцца кіраванне адразу некалькімі ведамствамі пры асаблівым рэжыме.
Да вучэнняў прыцягнулі міліцыю, унутраныя войскі, прадстаўнікоў іншых сілавых структур і органаў улады.
Кіраўнікі будуць трэніравацца прымаць рашэнні і ўзгадняць дзеянні паміж ведамствамі.
Вучэнні працягнуцца да 27 лістапада і будуць мець тэарэтычны і практычны этапы.