БЕЛ Ł РУС

Хто выйграе ад вайны ў Персідскім заліве? Аман

24.11.2026 / 17:18

Антось Жупран

Пакуль вайна з Іранам наносіць вялікія страты эканомікам арабскіх краін Персідскага заліва, Аман перажывае эканамічны ўздым. Чаму так адбываецца, тлумачыць The Economist.

Танкеры і грузавыя судны ў Аманскім заліве, на марскім шляху паміж Армузскім пралівам і Аравійскім морам. 16 чэрвеня 2026 года. Фота: AP

Прырода надзяліла Аман маляўнічымі гарамі і доўгім узбярэжжам, але не такімі багатымі радовішчамі нафты і газу, як суседнія арабскія манархіі. Аднак цяпер геаграфічнае становішча краіны аказалася важнейшым за яе прыродныя багацці.

Аман разам з Іранам кантралюе берагі Армузскага праліва, праз які праходзіць адзін з найважнейшых маршрутаў паставак нафты і газу. Але ў адрозненне ад большасці суседзяў асноўная частка аманскага ўзбярэжжа знаходзіцца за межамі праліва, з выхадам да Індыйскага акіяна.

Таму, калі Іран абмяжоўвае суднаходства праз Армузскі праліў, Аман можа экспартаваць сваю нафту і газ, абмінаючы небяспечны ўчастак.

Паводле прагнозаў Міжнароднага валютнага фонду, у 2026 годзе эканоміка Амана вырасце на 4,5%. Гэта самы высокі паказчык сярод арабскіх манархій Персідскага заліва. Для параўнання, у Аб'яднаных Арабскіх Эміратах чакаецца рост усяго на 0,2%, тады як эканоміка Саудаўскай Аравіі скароціцца на 3,3%, а Катара на 14,5%.

Аднак поспех Амана тлумачыцца не толькі ўдалым размяшчэннем. За апошнія гады ўрад правёў фінансавыя рэформы, дзякуючы якім змог ператварыць дэфіцыт бюджэту ў прафіцыт і скараціць дзяржаўны доўг з 68% ВУП у 2020 годзе прыкладна да 30% сёлета.

Акрамя таго, краіна ўкладвала грошы ў развіццё партоў і дарог, якія цяпер сталі альтэрнатыўнымі шляхамі паставак тавараў для суседніх дзяржаў. За дванаццаць месяцаў да жніўня 2026 года марскія грузаперавозкі праз аманскія парты павялічыліся на 28%.

Развіццё партоў адкрывае і новыя магчымасці для прамысловасці. У прылеглых спецыяльных эканамічных зонах плануюць будаваць прадпрыемствы па вытворчасці сталі, нафтахімічнай прадукцыі і зялёнага вадароду. У краіне нават рыхтуюць праект касмадрома для запуску спадарожнікаў.

Саудаўская нафтавая кампанія Saudi Aramco разглядае магчымасць будаўніцтва трубаправода да аманскага тэрмінала ў Дукме, каб зменшыць залежнасць ад Армузскага праліва.

Таксама плануецца чыгуначнае злучэнне паміж аманскім портам Сухар і сталіцай ААЭ Абу-Дабі. Выпрабаванні павінны пачацца ў канцы 2027 года, а пазней гэтая лінія стане часткай шырэйшай чыгуначнай сеткі дзяржаў Персідскага заліва.

Нейтралітэт не гарантуе бяспекі

Яшчэ адным фактарам адноснай устойлівасці Амана стала яго знешняя палітыка. Краіна дазваляе амерыканскім вайскоўцам карыстацца сваімі партамі, але не размяшчае вялікіх замежных баз. Адначасова яна падтрымлівае добрыя адносіны з Іранам і выступае пасярэднікам у перамовах паміж Тэгеранам і Вашынгтонам, а таксама з еменскімі хусітамі.

Але такая палітыка не гарантуе бяспекі. Падчас сёлетняй ваеннай кампаніі ЗША і Ізраіля супраць Ірана Аман таксама зазнаў удараў іранскіх ракет і беспілотнікаў, хоць і менш маштабных, чым некаторыя суседнія краіны.

Да таго ж эканамічная сітуацыя не такая адназначная, як можа здацца з агульных паказчыкаў. Рост эканомікі за межамі нафтагазавага сектара запаволіўся з 3,1% летась да 1,4% сёлета. Скараціліся даходы ад турызму, а працяглая нестабільнасць можа адпудзіць замежных інвестараў.

Нейтральная пазіцыя Амана выклікае незадаволенасць суседзяў, якія падазраюць яго ў празмернай блізкасці да Ірана і хусітаў. Асаблівыя спрэчкі выклікае будучыня Армузскага праліва. Іран фактычна патрабуе права кантраляваць суднаходства і збіраць плату за праход суднаў, супраць чаго выступаюць ЗША і арабскія краіны.

Аман прапанаваў кампраміс — добраахвотныя плацяжы за марскія паслугі, напрыклад абслугоўванне навігацыйнага абсталявання і ліквідацыю разліваў нафты. Але такі варыянт можа не задаволіць ніводзін з бакоў.

Пакуль некаторыя судны спрабуюць абмінаць іранскі кантроль, праходзячы праз аманскія воды пад частковым прыкрыццём амерыканскай авіяцыі. Аднак і там яны часам трапляюць пад удары, а наступствы даводзіцца ліквідаваць Аману.

Напружанасць у адносінах з Вашынгтонам таксама захоўваецца. У жніўні Дональд Трамп нават прыгразіў бамбіць Аман, калі той будзе перашкаджаць амерыканскім планам.

Таму называць Аман безумоўным пераможцам вайны было б заўчасна. Як адзначае аманскі эканаміст Адхам аль-Саід, кароткатэрміновая выгада не кампенсуе доўгатэрміновых страт ад нестабільнасці ў рэгіёне.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула