Выйшла кніга для дзяцей пра ролю мовы ў гісторыі, культуры і стасунках
У выдавецтве «Папуры» выйшла кніга «Што робіць нас людзьмі» лінгвіста Віктара Д.О. Сантаса, якая апавядае пра мову і яе ролю ў гісторыі, культуры і чалавечых стасунках.
Кніга выйшла ў двух варыянтах — на беларускай і расейскай мовах. Пераклад з англійскай зрабіла Наталля Давыдоўская, піша bellit.info.
Арыгінал кнігі «Што робіць нас людзьмі» выдадзены ў супрацоўніцтве з ЮНЕСКА з нагоды Міжнароднага дзесяцігоддзя моў карэнных народаў (2022—2032) і на сёння кніга ўжо перакладзеная на больш як 50 моў свету.
Кнігу можна чытаць з дзецьмі ад 5 гадоў, а ўспрымаць гісторыю дапамагаюць ілюстрацыі мастачкі Анны Фарлаці.
«Я існую вельмі-вельмі даўно. Калі ты быў немаўляткам, то амаль не ведаў мяне, але цяпер не можаш без мяне абыходзіцца. Такіх, як я, тысячы, але некаторыя з нас знікаюць. Я магу злучыць цябе з мінулым, цяперашнім і будучыняй. Я раблю цябе чалавекам. Хто ж я і чаму я такая важная?» — гаворыцца ў анатацыі.
Частка аўтарскіх ганарараў ад продажу навінкі будзе пералічана арганізацыям, якія працуюць над захаваннем і адраджэннем моў ва ўсім свеце.
Кнігу ўжо можна купіць у беларускіх кнігарнях і на маркетплэйсах: Параграф 45| Wildberries | Oz.by.