Скінуў на знаёмага 50‑кілаграмовы камень — на Віцебшчыне раскрылі забойства сямігадовай даўніны
Абвінавачаны ўжо за кратамі за іншыя злачынствы.
У забойстве 55‑гадовага мужчыны, цела якога знайшлі каля сметніка ў Верхнядзвінскім раёне летам 2019 года, абвінавацілі 34‑гадовага жыхара Докшыцкага раёна. Паводле Следчага камітэта, да смерці прывяла сварка падчас пошуку металалому — яго збіралі, каб купіць алкаголь.
Як сцвярджае следства, 9 чэрвеня 2019 года двое знаёмых пасля выпіўкі выправіліся на палігон адкідаў. Знойдзены металалом яны планавалі здаць, а на атрыманыя грошы набыць яшчэ спіртнога.
На сметніку мужчыны пасварыліся. Паводле СК, маладзейшы збіў знаёмага рукамі, нагамі, пасля скінуў яго ў канаву і скаціў на яго камень вагой пад 50 кілаграмаў. Цела засыпаў будаўнічым смеццем.
На наступны дзень мужчына пачуў ад знаёмага, што каля сметніка знайшлі цела, і з’ехаў з краіны.
Праз год ён вярнуўся ў Беларусь. Тут учыніў яшчэ некалькі злачынстваў, за якія яго асудзілі. Цяпер ён адбывае пакаранне.
Устанавіць, хто забіў мужчыну ў 2019 годзе, адразу не ўдалося. Звесткі пра магчымую датычнасць абвінавачанага следства атрымала ў 2026-м.