БЕЛ Ł РУС

Абвешчаны шорт-ліст першай Букераўскай прэміі для дзяцей. У журы — таксама дзеці

24.11.2026 / 16:02

Nashaniva.com

Абвешчаны восем намінантаў першай у гісторыі дзіцячай Букераўскай прэміі. Яны прэтэндуюць на ўзнагароду ў 50 тысяч фунтаў (прыкладна 65,5 тыс. даляраў), піша Бі-бі-сі.

У шорт-ліст кніг, адрасаваных для дзяцей ва ўзросце ад 8 да 12 гадоў, увайшлі пяць раманаў, дзве графічныя навелы і ілюстраваны зборнік апавяданняў.

Сярод прэтэндэнтаў — былы лаўрэат Ірландскай дзіцячай прэміі Оўэн Колфер, найбольш вядомы па серыі кніг пра Артэміса Фаўла, а таксама настаўніца і дзіцячая пісьменніца Кэтрын Брутон.

Акрамя таго, па выніках конкурсу, які ахоплівае ўсё Злучанае Каралеўства, названыя імёны чатырох дзяцей, якія ўвойдуць у склад журы. Іх выбралі з больш чым 4 000 кандыдатаў. Адзін з іх — дванаццацігадовы Ібрагім з Хэмпшыра.

Ён распавёў, што яго выклікалі ў школу для тэлефоннай размовы са старшынёй журы Фрэнкам Котрэл-Бойсам, які і паведаміў яму гэтую навіну. Ібрагім бязмерна шчаслівы: «Першы член журы Дзіцячай Букераўскай прэміі! У маім рэзюмэ — гэта адкрые мне шырокія гарызонты… Я настолькі ўражаны, што нават радавацца як след не магу».

Котрэл-Бойс сказаў: «Вельмі, вельмі важна, што гэта прэмія за дзіцячыя кнігі. Наяўнасць дзяцей у складзе журы стане таму доказам… Калі дзецям не спадабаецца кніга, яна не пераможа».

Акрамя Ібрагіма, яго калег дзіцячага ўзросту і самога Котрэл-Бойса ў склад журы ўвойдуць актрыса серыялаў «Прывіды» і «Жудасныя гісторыі» Лолі Адэфопе, а таксама Санчыта Басу Дэ Саркар, уладальніца адзначанай рознымі ўзнагародамі крамы дзіцячых кніг у паўночным Лондане.

Ібрагім чытае па гадзіне на дзень

Ібрагім сказаў, што любіць чытаць, «бо гэта проста спосаб адпачыць ад навакольнага свету. Калі ты паглыбіўся ў кнігу, ты не адарвешся ад яе, пакуль не дачытаеш да канца».

Ён занадта прафесійны, каб раскрываць, якія кнігі са спісу прэтэндэнтаў яму падабаюцца больш за ўсё, але, паводле яго слоў, калі ён нядаўна чытаў адну з іх, яму давялося папрасіць маму канфіскаваць яе: «Бо я не мог адарвацца ад чытання, і ў мяне разбалелася галава».

Котрэл-Бойс не турбуецца пра тое, што дарослыя члены журы могуць дамінаваць у працэсе прыняцця рашэнняў: «Калі вы, як і я, ужо 20 гадоў наведваеце школы ў якасці дзіцячага пісьменніка, то там рэдка сустрэнеш дзіця, якое настолькі ўражана [з'яўленнем вядомага пісьменніка], што саромеецца выказаць сваё меркаванне. Звычайна яны вельмі шчырыя».

Ібрагім пацвярджае гэта. «Дарослыя не будуць кантраляваць гэты сход… На 100% не!» — кажа ён.

Ён шукае «нешта, што адкрывае розныя пункты гледжання, што дазваляе паглядзець на рэчы па-іншаму. Новых персанажаў, а не тых жа старых нядбайна намаляваных, якіх аўтары ствараюць увесь час. Яны проста пішуць кнігі з адным і тым жа сюжэтам».

Якія кнігі прайшлі адбор?

У шорт-ліст увайшлі кнігі аўтараў і ілюстратараў з Вялікабрытаніі, Ірландыі, Аўстраліі і Італіі. Котрэл-Бойс ахарактарызаваў спіс як «поўны сюрпрызаў». Вось ён:

«Мае сябры наогул не чытаюць кніг», — кажа Ібрагім. Ён не спрабуе іх пераконваць. «Я не перашкаджаю ім жыць сваім жыццём. А я жыву сваім».

Але калі б ён усё ж паспрабаваў, што б ён сказаў?

«Усталюйце таймер на тэлефоне, пераканайцеся, што ён заблакаваны, і тады можна заняцца нечым больш прадуктыўным. Магчыма, мне ўдасца іх пераканаць… таму што гэта можа дапамагчы вам з англійскай, умацаваць упэўненасць у сабе і павысіць самаацэнку».

Аднак для яго самога найлепшае ў кнізе — гэта калі яна пераносіць яго ў іншы свет. «Як толькі спрабуеш адцягнуць увагу ад чытання, адразу ж пачынаеш думаць: «Божа мой, што ж адбудзецца далей?»»

Імя пераможцы будзе абвешчана ў лютым наступнага года ў музеі Young V&A у Лондане. 30 000 асобнікаў кніг, якія ўвайшлі ў шорт-ліст, будуць перададзеныя дзецям, якія ў іх маюць найбольшую патрэбу.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула