«4500 рублёў за два тыдні — і нават кава з пакеціка». Беларуска раскрытыкавала санаторый «Радон»
Замест чаканага камфорту кліентка здраўніцы сутыкнулася з платнымі паслугамі, бедным меню і праблемамі са станам нумара, піша BGmedia.
«За такія грошы хочацца душ без цвілі»
Беларуска падзялілася ў Threads уражаннямі ад адпачынку ў санаторыі «Радон». За 14 дзён знаходжання яна заплаціла 4500 беларускіх рублёў. Аднак, мяркуючы з яе публікацыі, уражанні ад паездкі аказаліся зусім не такімі, на якія яна разлічвала.
Жанчына пералічыла некалькі момантаў, якія яе асабліва засмуцілі:
- паркоўка аказалася платнай;
- за наведванне аквазоны трэба было даплачваць;
- трэнажорная зала таксама не ўваходзіла ў кошт;
- неабходныя ёй лячэбныя працэдуры давялося аплачваць асобна;
- замест шасці абяцаных сеансаў масажу ўдалося атрымаць толькі тры;
- звыклага шведскага стала не было — харчаванне арганізавалі паводле заказнога меню, якое жанчына назвала бедным.
Асобна беларуска паскардзілася на сняданкі. Паводле яе слоў, калі раніцай замовіць каву, прынясуць пакецік растваральнага напою. А сярод варыянтаў закусак быў бутэрброд, які выклікаў у яе нямала пытанняў.
Не задаволіла жанчыну і абслугоўванне. Яна расказала, што, нягледзячы на папярэднюю дамоўленасць, трапіць да доктара раней не атрымалася: нумар не паспявалі падрыхтаваць, таму прыём адбыўся толькі каля 13:00.
Паводле слоў жанчына, медыцынскі агляд таксама пакінуў непрыемнае ўражанне. У прыватнасці, пры паступленні ёй нават не памералі ціск.
«Самае сумнае, што яны нават нідзе не адказалі мне, і адказ з кнігі скаргаў мне таксама не прыйшоў. Затое пачалі выкладваць сторыс, як у іх усё крута», — напісала беларуска.
Яна таксама ўдакладніла, што ехала ў санаторый не проста адпачываць, а разлічвала атрымаць лячэнне па канкрэтным напрамку. Але частку неабходных працэдур давялося аплачваць дадаткова.
Карыстальнікі сеціва: «За такія грошы лепш на мора»
Публікацыя сабрала нямала водгукаў. Мяркуючы з каментароў, гісторыя закранула многіх беларусаў. Адны абурыліся коштам пуцёўкі і якасцю абслугоўвання, іншыя падзяліліся ўласным досведам адпачынку ў айчынных здраўніцах. Зрэшты, знайшліся і тыя, хто не пагадзіўся з крытыкай.
«Увогуле незразумела, адкуль такія цэны санаторыі прыдумляюць! І колькі трэба зарабляць, каб з'ездзіць у санаторый падлячыцца».
«Санаторыі РБ не вартыя сваіх грошай, зусім. Калі туды ехаць проста адпачыць, дык лепш за мяжу, у тую ж Турцыю».
«Не думала, што мяне сёння раз'юшыць бутэрброд».
«За гэтыя грошы, што прапануе суровы беларускі сэрвіс, дзякуй, не трэба. Сумна, вядома».
«Савецкі цяжкі люкс».
«А кажуць, што ў Беларусі ўсё танна».
«Ды звычайнаму беларусу не бачыць такой высакароднай цвілі!»
«Радон» спецыялізуецца на апорна-рухальным апараце, і там сапраўды выдатныя профільныя працэдуры. Менавіта дзеля гэтага туды і едуць. Эфект ад лячэння перакрывае бытавыя дробязі. Калі мэта — здароўе, то месца выдатнае».
«Я сёлета была… усё вельмі спадабалася».
«У санаторый едзем, каб падлячыць суставы, атрымаць пэўныя працэдуры, ну і адпачыць, вядома. Калі няма медыцынскіх паказанняў, то проста адпачынак за такія грошы не мае сэнсу».
У аўтаркі публікацыі сваё меркаванне. На заўвагі пра тое, што «Радон» не належыць да прэміяльнага сегмента, яна адказала: «Вы мяне прабачце, але за 4500 хочацца душ без цвілі».