БЕЛ Ł РУС

Да праекта ў Гальшанах прыцягнулі ідэолага «рускага свету» Дугіна. Яго паплечнік прапануе аднаўляць замак як «Царыцына»

25.11.2026 / 08:00

Ф. Раўбіч

Маскоўскі архітэктар Аляксей Комаў наведаў Беларусь і заклікаў паставіць у мястэчку копію помніка з Пскова.

Ідэолаг «рускага свету» Аляксандр Дугін. Фота: president.gov.by

Двухдзённы візіт віцэ-прэзідэнта Саюза архітэктараў Расіі і суаўтара праекта «Маякі Рускага свету» ў акупаваных гарадах Украіны, пра які мы пісалі раней, адбыўся 13—14 лістапада 2026 года. Суарганізатарамі паездкі выступілі Беларускі саюз архітэктараў і лідарская платформа «Каманда будучыні», створаная пры Маладзёжным савеце пры Савеце Рэспублікі. Арганізатары культурна-сацыяльнага кластара «Встреча / Сустрэча» пад кіраўніцтвам рэжысёркі Аляксандры Крот апублікавалі відэасправаздачы з паездкі і адмысловы відэазварот ультраправага расійскага філосафа Аляксандра Дугіна.

Аляксандра Крот і Аляксей Комаў у Беларускім саюзе архітэктараў. Фота: сацсеткі праекта «Встреча / Сустрэча»

Паўпустая зала ў Мінску

13 лістапада Аляксей Комаў выступіў у Рэспубліканскім доме архітэктара ў Мінску і запісаў інтэрв'ю для ранішняга эфіру тэлеканала АНТ, якое выйшла 16 лістапада.

Мяркуючы па апублікаваных здымках, сустрэча ў Саюзе архітэктараў прайшла без аншлагу: нягледзячы на вольны ўваход, у невялікай зале сабраліся каля трох дзясяткаў чалавек — акрамя некалькіх пенсіянераў з саюза і купкі сагнаных на мерапраемства студэнтаў, там нікога больш не было. Нічога дзіўнага, бо пад абвесткамі пра сустрэчу ў сацсетках саюза пыталіся толькі пра тое, навошта такога спікера ўвогуле запрашаць у Беларусь, і што да выхаду з творчага аб’яднання пасля такіх тэмаў засталося зусім недалёка. 

Выступ аўтара праекта «Маякі Рускага свету» Аляксея Комава ў Рэспубліканскім доме архітэктара ў Мінску 13 лістапада 2026 года. Фота: сацсеткі праекта «Встреча / Сустрэча»

Лекцыя Аляксея Комава ў Рэспубліканскім доме архітэктара ў Мінску 13 лістапада 2026 года нават з загнанымі студэнтамі не сабрала невялікай залы. Фота: сацсеткі праекта «Встреча / Сустрэча»

Перад гэтай аўдыторыяй маскоўскі госць заклікаў разглядаць горадабудаўніцтва як палітычнае служэнне:

«Сёння, калі мы жывём на старонках падручнікаў, мы і абараняем са зброяй у руках не проста свае нейкія міфічныя каштоўнасці, а вось тое, што нас аб'ядноўвае, тое, чым мы па-сапраўднаму з'яўляемся — гэта менавіта адзіным народам. Я займаю гэтую пазіцыю — менавіта тое, што я на абароне Рускага свету, нашага адзінага, вялікага. Як кажа наш прэзідэнт, у Расіі няма межаў, а ёсць толькі гарызонт, і ёсць мова».

Лекцыя Аляксея Комава ў Рэспубліканскім доме архітэктара ў Мінску 13 лістапада 2026 года нават з сагнанымі студэнтамі не сабрала невялікай залы. Фота: сацсеткі праекта «Встреча / Сустрэча»

Паставіць помнік як у Пскове і аднавіць замак Сапегаў як «Царыцына»

На наступны дзень расійскі кансультант наведаў пілотную пляцоўку праекта — Гальшаны Ашмянскага раёна, адкуль паходзіць сям'я Аляксандры Крот. Тут актывістка выкупіла на аўкцыёне закінуты будынак былой бальніцы, каб перарабіць яго ў грамадска-дасугавы цэнтр.

Падчас паездкі Комаў прапанаваў усталяваць у мястэчку копію помніка князю Даўмонту аўтарства скульптара Андрэя Марцьянава, адкрытага ў Пскове ў лістападзе 2025 года. Гэты князь у XIII стагоддзі ўцёк з ВКЛ у Пскоў і пазней быў кананізаваны Рускай праваслаўнай царквой.

«Першае для мяне што важна — што гэта радзіма Даўмонта, нашага святога выбітнага, які заснавальнік Пскова. І літаральна паўтара месяца таму з маім сябрам Андрэем Марцьянавым, аўтарам помніка Даўмонту, мы на гэтую тэму размаўлялі.

І мне здаецца, што апроч таго, што мы з вамі зробім гэты цудоўны кластар творчы, безумоўна, гэтае месца важнае яшчэ і для таго, каб там усталяваць помнік, прычым копію менавіта таго, што ўсталявана сёлета ў Пскове», — заявіў Комаў.

Агледзеўшы руіны рэнесанснага Гальшанскага замка Сапегаў XVII стагоддзя, маскоўскі архітэктар выказаўся за поўную адбудову аб'екта паводле ўзору імператарскага палаца ў маскоўскім Царыцыне — навадзела 2000‑х гадоў, які расійскія рэстаўратары крытыкавалі за разбурэнне аўтэнтычнай спадчыны.

«Гэты замак варты таго, каб яго цалкам аднавіць і зрабіць з гэтага паўнавартасны комплекс. І гісторыя з імператарскім палацам у Царыцыне ў Маскве — гэтаму пацвярджэнне. І нічога тут, ніякія, мне здаецца, археалагічныя і іншыя гісторыі, звязаныя з аб'ектам спадчыны, не павінны перашкодзіць, таму што галоўнае — палітычная воля. А яна ў Беларусі ёсць», — сказаў госць.

Цікава, што ў гэтым жа роліку Аляксандра Крот заявіла пра «імклівае аднаўленне» Гальшанскага замка за кошт прэзідэнцкага фонду. Пры гэтым менш чым за два тыдні да візіту расійскага госця, 2 лістапада 2026 года, Ігар Раханскі, які кіруе арганізацыяй, што займалася раней аднаўленне замка, паведаміў пра спыненне фінансавання работ на помніку.

Яшчэ раней, у красавіку 2023 года, Міністэрства культуры адмовілася выдзяляць бюджэтныя грошы на стварэнне музейнай экспазіцыі ў паўночна-ўсходнім корпусе, прапанаваўшы рабіць яе за пазабюджэтныя сродкі.

Акрамя Гальшанаў, аўтары кластара разлічваюць атрымаць памяшканні ў былым Пішчалаўскім замку ў Мінску — знакамітай Валадарцы, дзе цяпер ідзе рэканструкцыя.

У відэа каля муроў былой турмы Аляксандра Крот паведаміла пра намер адкрыць там у верасні 2027 года генеральны рэсурсны цэнтр з кавярняй «Камунарка», прыёмнай Мінгарвыканкама, рэканструктарскім тэатрам і творчай камандай «Полымя», якая будзе «накіроўваць творчыя сілы ў правільнае рэчышча».

Комаў на фоне рыштаванняў замка назваў сустрэчы ў Беларусі этапам вялікага шляху і завяршыў выступ воклічам «За перамогу!».

Аляксандра Крот і Аляксей Комаў каля муроў Пішчалаўскага замка ў Мінску. Фота: сацсеткі праекта «Встреча / Сустрэча»

«Горад — гэта бойня дэмаграфіі»

Да прасоўвання ініцыятывы «Каманды будучыні» і кластара «Встреча / Сустрэча» далучыўся і ідэолаг «рускага свету» Аляксандр Дугін. У сваім відэазвароце ён ні разу не назваў Гальшаны або Пішчалаўскі замак, але пахваліў беларускую моладзь за развіццё аграгарадкоў і выклаў уласную антыўрбаністычную канцэпцыю.

Назваўшы беларусаў «найлепшай часткай нашага адзінага народа», а Аляксандра Лукашэнку — «выратавальнікам», які ідзе «ў авангардзе ўсходняга славянства», філосаф абвясціў сучасныя гарады інструментам вымірання:

«Як паказвае і дэмаграфія, і сацыялогія, насамрэч горад — гэта бойня дэмаграфіі. Калі мы хочам знішчыць насельніцтва нашых краін, мы павінны будаваць высокія гарады, канцэнтраваныя мегаполісы, набіваючы іх сем'ямі, якія будуць амаль гарантавана прыходзіць да скарачэння дзетанараджэння… Калі мы бяздумна пераводзім іх у горад, мы ператвараем іх альбо ў буржуа, альбо ў пралетарыяў.

Але ні буржуа, ні пралетарыі — гэта не народ, гэта штучныя ўрбаністычныя тыпы. Выхад насамрэч адзін — выхад з горада, пераход з вялікіх мегаполісаў да малых гарадкоў, да аграгарадкоў, да паселішчаў, да быцця ў мікраполісах».

Аляксандр Дугін падчас запісу звароту да ўдзельнікаў «Каманды будучыні» і кластара «Встреча / Сустрэча». Фота: сацсеткі праекта «Встреча / Сустрэча»

З'яўленне Дугіна ў беларускім моладзевым праекце тлумачыцца цеснымі сувязямі ягоных куратараў у маскоўскіх кансерватыўных колах. Дугін і цяперашні дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Сяргей Глаз’еў — пастаянныя члены «Ізборскага клуба», са старшынёй якога Аляксандрам Праханавым і ягоным рухам «Руская мара» шчыльна супрацоўнічае Аляксей Комаў.

Раней арганізатары беларускага кластара адзначалі, што разлічваюць на супрацоўніцтва па лініі праектаў Саюзнай дзяржавы.

Напрыканцы прамовы Дугін наўпрост звязаў беларускую ініцыятыву са сваімі маскоўскімі сябрамі:

«Выдатна, што сакратаром Саюзнай дзяржавы з'яўляецца цяпер мой добры сябар Сяргей Глаз'еў — цудоўны навуковец, акадэмік, выдатны чалавек, які шчыра адданы адраджэнню рускага і беларускага народаў. Ён таксама можа быць важным модулем у прасоўванні ўсіх тых пачынанняў, якія вы пазначылі. Яшчэ раз хачу падзякаваць камандзе культурна-сацыяльнага кластара «Встреча». І вельмі добра, што Расію ў гэтым праекце прадстаўляе яшчэ адзін цудоўны чалавек, таксама мой добры сябар Аляксей Комаў».

У гэтай гісторыі паказальна, наколькі маладая актывістка з асяроддзя Наталлі Качанавай не ўсведамляе відавочнай супярэчнасці. Усё, чым славутае колішняе каталіцкае мястэчка на мяжы беларускага і літоўскага этнічных абшараў — ад рэнесанснага замка Сапегаў да барочнага кляштара францысканцаў і мясцовай культурнай традыцыі, — з'яўляецца менавіта тым, вынішчэнню чаго прысвяцілі сваю дзейнасць запрошаныя расійскія ідэолагі дзеля трыумфу свайго «рускага свету». Якімі б салодкімі і ліслівымі ні выглядалі іхнія прамовы пра захаванне спадчыны і развіццё беларускіх мястэчак.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула