Вальфовіч расказаў пра «дэструктыўныя элементы», якія спрабуюць вярнуцца ў Беларусь пры дапамозе мяккай сілы
Дзяржаўны сакратар Рады бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч падчас камандна-штабных вучэнняў МУС заявіў, што нейкія дэструктыўныя сілы нібыта працягваюць спробы дэстабілізаваць сітуацыю ў краіне, паведамляе прэс-служба МУС.
Аляксандр Вальфовіч і міністр унутраных спраў Іван Кубракоў. Фота: прэс-служба МУС
Па словах Вальфовіча, аналіз міжнароднай абстаноўкі сведчыць, што свет паступова ператвараецца ў пляцоўку глабальнага супрацьстаяння. Ваенна-палітычная сітуацыя вакол Беларусі таксама застаецца напружанай і нестабільнай.
«Дэструктыўныя сілы, на жаль, не пакідаюць спробаў дэстабілізаваць абстаноўку на тэрыторыі нашай краіны. З дапамогай розных прыёмаў, у тым ліку мяккай сілы, яны спрабуюць вярнуцца ў Рэспубліку Беларусь і зрабіць усё магчымае для звяржэння ўлады, у тым ліку ваенным шляхам», — заявіў Вальфовіч.
Дзяржсакратар Рады бяспекі таксама адзначыў, што ў Беларусі прымаюць меры для прадухілення падобных сцэнарыяў. Паводле яго, асаблівая ўвага гэтай працы надаецца структурам сістэмы гарантавання нацыянальнай бяспекі.
Чытайце таксама:
МУС адпрацоўвае падаўленне масавых беспарадкаў ва ўмовах «асаблівых сітуацый»
Вальфовіч ацаніў беларускіх вайскоўцаў на 9,5 з 10
Вальфовіч пра ідэю адпраўляць аграрыяў-недарэк у войска: Гэта будзе спрыяць уборцы хлеба