Надоі на карову ў Расіі ўжо на чвэрць вышэйшыя за беларускія
Расія ўвайшла ў лік краін з высокімі паказчыкамі надою малака на адну карову. Пра гэта паведаміў Нацыянальны саюз вытворцаў малака Расіі («Саюзмалако») паводле вынікаў 2025 года.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: magnific.com
Паводле звестак вытворцаў, сярэдні надой на адну карову ў Расіі летась склаў 8656 кілаграмаў. Гэта адпавядае 17‑му месцу ў сусветным рэйтынгу.
Для параўнання: у Вялікабрытаніі гэты паказчык складаў 8644 кілаграмы, у Латвіі — 8491, у Грэцыі — 8201, у Польшчы — 8182 кілаграмы.
Што да Беларусі, то паводле звестак Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі, сярэдні надой на адну карову ў краіне ў 2025 годзе склаў 6577 кілаграмаў. Пры гэтым Расія застаецца ключавым рынкам збыту беларускай малочнай прадукцыі.
Сярод расійскіх рэгіёнаў найбольшыя надоі ў сельскагаспадарчых арганізацыях зафіксаваныя ў Калінінградскай вобласці — 11 520 кілаграмаў на адну карову.Сярод лідараў таксама — Калужская, Курская, Ленінградская і Пензенская вобласці. У кожнай з іх надой на адну карову перавысіў 29 кілаграмаў за суткі.
Паводле звестак Міністэрства сельскай гаспадаркі Расіі, на 21 верасня 2026 года сельскагаспадарчыя арганізацыі краіны рэалізоўвалі ў сярэднім 58,8 тысячы тон малака за суткі. Гэта на 1,6%, або на 900 тон, больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.
Найбольшыя аб’ёмы штодзённай рэалізацыі — ад 2 тысяч тон — зафіксаваныя ў Татарстане, Удмурціі, Краснадарскім краі, Варонежскай і Кіраўскай абласцях.