БЕЛ Ł РУС

Кубракоў папярэдзіў, што будучыя пратэсты ў Беларусі будуць разганяць інакш

24.11.2026 / 19:49

Nashaniva.com

Міністр унутраных спраў Беларусі Іван Кубракоў 24 лістапада падчас адкрыцця камандна-штабных вучэнняў «Бяспека-2026» заявіў, што «масавыя беспарадкі» або «экстрэмісцкія праявы» могуць, маўляў, узнікнуць раптоўна, а падставай для іх здольная стаць любая падзея. 

Іван Кубракоў. Фота: прэс-служба МУС

Па словах Кубракова, аналіз сітуацыі каля беларускіх межаў, нядаўніх трагічных падзей у Польшчы, тэрактаў і масавых беспарадкаў у іншых еўрапейскіх краінах за апошнія два гады, а таксама ход вайны Расіі супраць Украіны і досвед 2020 года паказваюць, што ў выпадку крызісу часу на падрыхтоўку не будзе.

Кубракоў таксама заявіў, што калі людзі ўжо выходзяць на вуліцы і пачынаюцца масавыя беспарадкі, гэта сведчыць пра недапрацоўкі сілавых структур: яны своечасова не атрымалі інфармацыю або не адрэагавалі на яе.

Іван Кубракоў анансаваў змену тактыкі сілавікоў падчас разгону пратэстаў. Паводле яго слоў, цяпер яны не будуць дапускаць ніякіх «вольнасцяў» з боку ўдзельнікаў акцый і будуць дзейнічаць да поўнай зачысткі вуліц.

«Тактыка дзеянняў будзе зусім іншай, чым у 2020 годзе. Ніякіх блакаванняў, вольнасцяў, каб пратэстоўцы малявалі на шчытах байцоў, плявалі на іх і гэтак далей, больш не будзе. Калі будзе прынятае рашэнне затрымаць людзей і нармалізаваць абстаноўку на вуліцах, мы будзем працаваць да таго часу, пакуль цалкам не зачысцім вуліцы і не возьмем іх пад кантроль. Тактыка будзе выключна наступальнай», — заявіў Кубракоў

Ён нагадаў, што ва ўсіх абласцях Беларусі і ў Мінску ўжо правялі баявое зладжванне спецпадраздзяленняў органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў МУС, а таксама камандна-штабныя трэніроўкі.

Вучэнні МУС працягнуцца да 27 лістапада. У іх межах у Жыткавіцкім і Лунінецкім раёнах будзе ўведзены рэжым надзвычайнага становішча.

Чытайце таксама:

МУС адпрацоўвае падаўленне масавых беспарадкаў ва ўмовах «асаблівых сітуацый»

Вальфовіч расказаў пра «дэструктыўныя элементы», якія спрабуюць вярнуцца ў Беларусь пры дапамозе мяккай сілы

У Беларусі ўзрасла колькасць забойстваў

Каментары да артыкула