БЕЛ Ł РУС

Расійскі генерал заклікаў да мірнага перавароту і адхілення Пуціна ад улады

24.11.2026 / 21:08

Вінцэсь Клепачэня

Генерал-палкоўнік у адстаўцы Леанід Івашоў лічыць, што Расія можа распасціся ўжо ў 2027—2028 гадах.

Уладзімір Пуцін. 18 лістапада 2026 года. Фота: Alex Plavevski / Pool Photo via AP

«Вось у чым Пуцін мае рацыю, дык гэта калі ён даваў ацэнку сітуацыі (гэта пару гадоў таму) і казаў, што ўсё ідзе паводле плана, усё ідзе паводле графіка. Я з ім вось у гэтым вывадзе салідарны. Усё ідзе паводле плана, графіка, але не расійскага», — заявіў генерал-палкоўнік у адстаўцы Леанід Івашоў у інтэрв'ю праекту «Перехват управления».

На думку Івашова, вайна не толькі наносіць Расіі ваенныя страты, але і разбурае грамадства знутры. Ён адзначыў падзенне даверу да дзяржаўных інстытутаў, маральны заняпад і пагаршэнне сітуацыі ў розных сферах жыцця.

«І мая выснова такая: у 2027—2028 годзе прыйдзе канец Расіі, распад Расіі. Мы раней таксама рабілі такі прагноз, але называлі 2029 год», — канстатаваў Івашоў.

Мяркуючы з размовы, падчас запісу генерал знаходзіўся ў акупаваным Расіяй Крыме. Суразмоўніца распытвала яго пра сітуацыю на паўвостраве, а сам ён спасылаўся на асабістыя назіранні і размовы з мясцовымі жыхарамі.

Адным з прыкметных сімптомаў перамен у грамадскіх настроях Івашоў назваў тое, што ў Крыме, паводле яго назіранняў, сталі радзей сустракацца расійскія сцягі і сімволіка Z.

«Калі раней гэтыя літары Z былі паўсюль — на аўтобусах, машынах, нават прыватных аўтамабілях, — то цяпер нават расійскія сцягі сталі трапляцца радзей. Я кажу толькі пра Крым», — адзначыў ён.

Паводле слоў Івашова, некаторыя прыхільнікі вайны цяпер заклейваюць або змываюць літары Z са сваіх аўтамабіляў.

Івашоў расказаў, што пасля паведамленняў пра ўдар па Крымскім мосце да яго пачалі звяртацца мясцовыя жыхары, а таксама знаёмыя з Масквы, занепакоеныя магчымымі наступствамі.

«Большасць мясцовых непакоіцца: хлеба не будзе, бензіну не будзе, прадуктаў не будзе. А я ім у адказ: «А як вы думаеце? Не будзе Расіі. Не будзе Расіі».

Паводле генерала, расійскае грамадства паступова прывыкае да ўсё больш сур'ёзных наступстваў вайны — ад украінскіх удараў па нафтаперапрацоўчых заводах да праблем з палівам і разбурэнняў інфраструктуры.

«Мы прывыклі, прывыклі. Але напінаемся (пыжымся — арыгінал), што вось наш прэзідэнт самы моцны, самы лепшы ў свеце. І кожны дзень, па сутнасці, яго там [паказваюць]: то сустрэўся, то медаль павесіў некаму і гэтак далей. Але прыйдзе імгненне, калі… Так у гісторыі было, і не раз, і ў савецкай нават гісторыі было, што вось там вялікі, помнікі ставяць, гарады называюць, а потым вядуць на расстрэл».

Леанід Івашооў. Скрын відэа: geoanaliz / YouTube

Заклік да мірнага дзяржаўнага перавароту

Івашоў лічыць, што для выратавання краіны неабходная змена цяперашняга кіраўніцтва:

«Сёння патрэбны мірны дзяржаўны пераварот. Не вось гэты бунт, а мы ўжо гатовыя да бунту. Бунт гэты страшны будзе. А вось да мірнага такога. Перадачы ўлады».

Як даводзіць Івашоў, Пуцін і яго атачэнне павінны ўсвядоміць, што вядуць краіну да распаду, і добраахвотна саступіць месца іншым палітычным сілам, як у любой цывілізаванай дзяржаве.

Генерал дапускае, што дзеля мірнага адыходу прадстаўнікам цяперашняй улады можна было б даць пэўныя гарантыі бяспекі і захавання часткі маёмасці.

«І будзе іншы рэжым. Лепшы ці горшы, але іншы», — заўважае ён.

Хто такі Леанід Івашоў

Леаніду Івашову 83 гады. Ён генерал-палкоўнік у адстаўцы, доктар гістарычных навук, вядомы сваімі прасавецкімі і расійскімі нацыяналістычнымі поглядамі.

У савецкі час ён займаў высокія пасады ў апараце Міністэрства абароны СССР, а ў 1996—2001 гадах узначальваў Галоўнае ўпраўленне міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва Міністэрства абароны Расіі.

Пасля адстаўкі займаўся грамадскай і публіцыстычнай дзейнасцю, выступаў з крытыкай Захаду і НАТА, але адначасова неаднаразова крытыкаваў і расійскія ўлады.

Характэрна, што яшчэ ў лютым 2022 года, да пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну, Івашоў стаў адзіным адстаўным генералам у Расіі, які публічна выступіў супраць вайны і заклікаў Пуціна пайсці ў адстаўку. Тады ён папярэджваў, што напад на Украіну можа паставіць пад пытанне само існаванне Расіі як дзяржавы.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула