БЕЛ Ł РУС

Нарожны камень, прыступкі ў вязніцу і «акно ў мінулае»: якія таямніцы адкрывае Крэўскі замак

24.11.2026 / 23:34

Nashaniva.com

Сёння ў Крэўскім замку працуюць адначасова археолагі — навукоўцы Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук і спецыялісты ААТ «Белрэстаўрацыя», і ці не кожны дзень адзначаны цікавымі знаходкамі. Пра што расказваюць артэфакты, знойдзеныя археолагамі пры даследаванні завалаў Княжацкай вежы Крэўскага замка, і што раскажа экспазіцыя, якую плануюць тут стварыць, даведалася БелТА.

Фота: Інстытут гісторыі НАНБ

Таямніцы данжона і «падказка» нарожнага каменя

Расчыстку завалаў галоўнай вежы Крэўскага замка вядуць спецыялісты «Белрэстаўрацыі». Поруч з імі на аб’екце, уключаным у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі, вядуць даследаванні археолагі.

Пласты Княжацкай вежы, у якія ніхто не ўваходзіў з часу яе завалу ў выніку штурму замка князем Свідрыгайлам у 1433 годзе, ужо адкрылі нямала знаходак, дзякуючы якім пацвярджаюцца гістарычныя звесткі і адкрываюцца новыя факты. Усе канструкцыі тады абрынуліся ў цокальны ярус збудавання. І толькі праз шэсць стагоддзяў таемнае становіцца яўным.

«Актыўныя археалагічныя даследаванні ў данжоне (так называюць галоўную вежу замка. — Заўв. БелТА) мы вядзём для далейшай падрыхтоўкі праекта рэканструкцыі Княжацкай вежы, — расказаў вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Алег Дзярновіч. —

Адна з самых значных знаходак апошніх дзён — нарожны камень замка. Гісторыя такая, што сам замак быў узведзены крыху раней за Княжацкую вежу, у 20‑я гады XIV стагоддзя, данжон маглі прыбудаваць прыкладна ў 30‑я гады таго ж стагоддзя. Гэта пацвярджае і той факт, што параметры цэглы сцяны вежы і яе ўнутранага аздаблення адрозніваюцца, і знойдзены цяпер нарожны камень».

Унікальную знаходку археолагі знайшлі ў частцы ўнутрывежавага тунэля, які вёў у цокальны ярус пабудовы: гэта чатыры захаваныя прыступкі. Менавіта яны дазволілі спецыялістам меркаваць, што знойдзены ўваход у тую самую вязніцу, дзе ў 1382 годзе пакутаваў і быў забіты палонены князем Ягайлам князь Кейстут.

Фота: Інстытут гісторыі НАНБ

«Кейстута, хутчэй за ўсё, трымалі менавіта ў гэтым цокальным ярусе, дзе не было вокнаў, акрамя паветранага. Вітаўта, ягонага сына, трымалі ў пакоях, і яму ўдалося ўцячы», — тлумачыць Алег Дзярновіч.

Знаходжанне прыступак, як лічыць археолаг, важнае яшчэ і для будучых рэстаўрацыйных работ. Дзякуючы гэтай знаходцы спецыялістам стаў вядомы крок лесвіцы ў цокаль вежы, яго не давядзецца вылічваць.

Адкрыліся археолагам і фрагменты манументальнага роспісу, якімі была ўпрыгожаная прастора Княжацкай вежы. Як тлумачыць Алег Дзярновіч, спачатку данжон меў толькі драўляныя перакрыцці, а бліжэй да сярэдзіны XIV стагоддзя былі створаныя скляпенні з цэглы. Менавіта на іх і былі нанесены фрэскі. Сёння спецыялісты Інстытута гісторыі НАН пачынаюць знаходзіць іх фрагменты.

«Асноўная частка гэтых фрагментаў распісана ў чорным, белым і колеры охры, — падзяліўся падрабязнасцямі ён. — Сустракаюцца таксама элементы сіняга, яго няшмат, бо фарбавальнік гэтага колеру быў у тыя часы даволі дарагім. Мяркуючы па знаходках, роспіс меў геаметрычныя ўзоры».

Фота: Інстытут гісторыі НАНБ

Цяпер археолагі вядуць расчыстку калоны, на якую абапіраліся нервюры — рэбры жорсткасці канструкцыі вежы. Калона мае складаную форму, і тое, якой менавіта яна была, мае вялікае значэнне для будучай рэстаўрацыі, адзначаюць спецыялісты.

У найбліжэйшых планах навукоўцаў, якія вядуць працу ў Крэўскім замку, — цалкам разабраць завалы цокальнага памяшкання Княжацкай вежы і адкрыць выхад на пясчаную дзюну, насыпаную пры будаўніцтве на балоцістай мясцовасці, а таксама карпатліва сабраць усе захаваныя фрагменты фрэсак для магчымай рэканструкцыі.

Музей на старажытных падмурках і мост над «акном у старажытнасць»

На тэрыторыі Крэўскага замка адначасова працуюць спецыялісты «Белрэстаўрацыі» і археолагі. Да канца года тут чакаюць вынікі экспертызы маштабнага праекта, рэалізацыя якога дазволіць стварыць тут унікальную гісторыка-культурную лакацыю, якая, несумненна, стане яшчэ адным прывабным месцам для турыстаў.

«Ужо ў 2027 годзе плануецца пачаць работы па ўзвядзенні музейнага будынка ў стылістыцы замка каля адной з замкавых сцен згодна з праектам «Белрэстаўрацыі». Асаблівы момант тут тое, што ён вырасце ў тым ліку на падмурках усіх гістарычных будынкаў, якія сёлета адкрылі археолагі. У ім плануецца стварэнне экспазіцый, якія расказваюць пра багатую гісторыю Крэўскага замка, прадстаўляюць археалагічныя знаходкі на яго тэрыторыі», — расказала начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч.

Фота: Інстытут гісторыі НАНБ

Пры гэтым ён будзе абсталяваны ўсім неабходным наборам паслуг для камфорту наведвальнікаў. Разыначкай стане маштабнае археалагічнае акно з захаванымі закансерваванымі рэшткамі падмуркаў старадаўніх пабудоў. Зазірнуць у гісторыю можна будзе літаральна зверху ўніз, прайшоўшы па размешчаных над ім спецыяльных мастках.

Фота: Інстытут гісторыі НАНБ

«Што тычыцца Княжацкай вежы, то праца па яе аднаўленні яшчэ наперадзе, і яна будзе даволі працяглай. На гэтым этапе вельмі важныя падрыхтоўчыя работы — для праектавання маюць вялікае значэнне натурныя археалагічныя, бібліяграфічныя, гістарычныя даследаванні. У той жа час робіцца ўсё, каб работы вяліся па магчымасці паралельна на розных аб’ектах замка», — падкрэсліла Алена Клімовіч.

Фота: Інстытут гісторыі НАНБ

Чытайце таксама:

У Крэўскім замку адкапалі «прыступкі Кейстута»

Што знайшлі ў вязніцы Крэўскага замка, дзе ў 1382‑м задушылі Кейстута? Яна была пахаваная пад заваламі пасля штурму Свідрыгайлы амаль 600 гадоў

Крэўскі замак раскрыў галоўную таямніцу: знайшлі ўваход у цямніцу, дзе задушылі Кейстута

Пад сценамі Крэўскага замка адбылася эпічная бітва ВІДЭА

У Крэўскім замку знайшлі падмуркі замкавага моста

Каментары да артыкула