«Мама! Я, здаецца, махляр…» 19‑гадовы мінчук забраў грошы ў незнаёмай бабулі і вывез іх за горад
У міліцыю з розніцай у некалькі гадзін звярнуліся пенсіянерка і малады мінчук, якія сталі ўдзельнікамі адной і той жа схемы махляроў.
81‑гадовая жанчына паверыла ў махлярскую схему з пераразлікам пенсіі, а 19‑гадовы хлопец стаў кур'ерам і вывез яе грошы за горад, паведамляе тэлеграм-канал «Міліцыя Мінска».
Напярэдадні зламыснікі патэлефанавалі ім і выманілі коды з SMS-паведамленняў. Пасля гэтага запалохалі крымінальнай адказнасцю нібыта за супрацоўніцтва з тэрарыстамі.
Пенсіянерцы прыгразілі ператрусам і прымусілі перадаць усе яе зберажэнні для дэкларавання. А маладому чалавеку, у якога не было ўласных грошай, загадалі выконваць заданні куратараў, каб атрымаць добрую характарыстыку.
Мінчук забраў у пажылой жанчыны 20 тысяч даляраў і каля трох тысяч еўра, пасля чаго паводле інструкцый махляроў вывез грошы за горад і схаваў іх у лістоце.
Вярнуўшыся дадому, ён расказаў пра ўсё маці. Жанчына распазнала падман і настаяла на звароце ў міліцыю. У гэты ж час пенсіянерка таксама зразумела, што стала ахвярай злачынства.
Па гэтых фактах праводзяцца праверкі.