Лукашэнка сцвярджае, што заклікаў Трампа не ціснуць на Пуціна на Алясцы
А Трамп нібыта сказаў Пуціну: «Я размаўляў з тваім фанатам».
Фота: Dmitry Astakhov, Sputnik, Government Pool Photo via AP
Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю французскаму часопісу Le Point расказаў падрабязнасці тэлефоннай размовы з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам, якая адбылася ў жніўні 2025 года перад сустрэчай прэзідэнта ЗША і Пуціна на Алясцы, піша БелТА.
«Я яму проста ад душы пажадаў поспехаў і сказаў: «Дональд, ты не спяшайся, размаўляючы з Пуціным». Хоць яны ўжо вялі перамовы, я парэкамендаваў яму, як сябе паводзіць: «Дональд, не цісні на Пуціна, гэта бессэнсоўна». Пуцін разумее, што такое Злучаныя Штаты Амерыкі», — сцвярджае Лукашэнка.
«Што датычыцца Кітая, Трамп закрануў гэтае пытанне, мы абмяркоўвалі. Не ў кантэксце нашых адносін з Кітаем, а ў цэлым ролю Кітая, — працягнуў ён. — Размова была працяглай, і мы грунтоўна пагаварылі. Ён прыехаў на сустрэчу з Пуціным і сказаў яму: «Я толькі што размаўляў з тваім фанатам».
Таксама Лукашэнка заявіў, што не выключае магчымасці вываду з краіны расійскіх ракет, якія могуць быць абсталяваныя ядзернымі боегалоўкамі.
«У працэсе перамоваў магчыма ўсё. Я не выключаю падобных варыянтаў. Галоўнае, каб быў мір. А якая там зброя, хто і куды будзе яе выводзіць — гэта, магчыма, і ёсць галоўная прычына гэтага міру. Таму я за любое рашэнне», — сказаў ён.