«Гіпа» рыхтуе навінку: купіць прадукты ў краме можна будзе праз смартфон — іх не трэба праводзіць праз касу
Вось як гэта будзе працаваць.
Фота: Lookby.Media
У дадатку гандлёвай сеткі «Гіпа» з'явілася новая функцыя: аплата тавараў праз смартфон пакупніка — без выкладкі тавару і без аплаты на касе, нават на касе самаабслугоўвання, піша BelRetail.
Пасля таго, як штрых-коды ўсіх тавараў у кошыку будуць адсканаваныя, неабходна ў дадатку атрымаць QR-код для аплаты і адсканаваць яго ў зоне самаабслугоўвання Scan&Go. Купоны, карта лаяльнасці і іншыя зніжкі ды бонусы разлічваюцца пасля сканавання QR-кода.
Дадатак аўтаматычна павінен вызначыць найбліжэйшы супермаркет паводле геалакацыі або прапанаваць выбраць яго са спіса даступных гандлёвых кропак. Паводле даных сайта рытэйлера, у Мінску працуе 22 крамы гэтай сеткі.
Аплату можна правесці ў выдзеленай зоне Scan&Go побач з касамі самаабслугоўвання.
Тэхналогія толькі на пачатковай стадыі ўкаранення, і пакуль няма інфармацыі, у якіх крамах можна будзе правесці аплату такім спосабам. Рытэйлер абяцае найбліжэйшым часам анансаваць запуск гэтага сэрвісу і паведаміць пералік крам і супермаркетаў, дзе ён будзе даступны.