БЕЛ Ł РУС

Гудзенне ў трубах перашкаджае спаць — жыхары аднаго са шматпавярховікаў у Барысаве не могуць дамагчыся цішыні

25.11.2026 / 15:42

Nashaniva.com

Праблема з'явілася яшчэ ў канцы жніўня і працягваецца дагэтуль.

Жыхары першага пад'езда дома №26 на вуліцы 8 Сакавіка ў Барысаве ўжо два з паловай месяцы пакутуюць ад моцнага гулу і вібрацыі ў трубах гарачага водазабеспячэння. Журналісты Mlyn.by выслухалі гараджан і звярнуліся па каментар ва УП «Жыллё».

Як расказала жыхарка дома Ірына, праблема з'явілася яшчэ ў канцы жніўня і працягваецца дагэтуль. Штовечар, прыкладна з 19‑й і да 23‑й гадзіны (а часам і глыбокай ноччу, калі суседзі карыстаюцца ваннай), па стаяку — з 4‑й па 20‑ю кватэру — чуваць гучны гул і пачынаецца вібрацыя.

— Шуміць менавіта труба з гарачай вадой. Калі нехта па стаяку адкрывае ваду, пачынаецца моцная вібрацыя. Я эксперыментальным шляхам высветліла, у чым справа: напярэдадні перакрыла ў сябе ўводны кран гарачай вады, і ў мяне ў кватэры адразу наступіла цішыня, а сам гул плаўна сышоў паверхам ніжэй — да суседзяў у восьмую кватэру. Спецыялісты аварыйнай службы сказалі, што праблема, хутчэй за ўсё, у няспраўным запорным кране ў адной з кватэр, які дае такі рэзананс пры разборы вады, — тлумачыць Ірына.

Паводле слоў жанчыны, сям'я неаднаразова пакідала заяўкі ў службу 115 і звярталася да камунальнікаў, але высветліць дакладную прычыну і ліквідаваць яе пакуль не ўдалося. Як сцвярджае суразмоўца, сітуацыя ўскладняецца праверкай усіх памяшканняў па стаяку:

— У канцы верасня, калі камісія абыходзіла пад'езд, адкрылі ўсе кватэры, акрамя восьмай. Гаспадар тады спаслаўся на тое, што знаходзіцца на працы, і доступ да труб у сваёй кватэры так і не даў, — распавядае Ірына.

Для яе сям'і цішыня ў кватэры цяпер асабліва важная: маці Ірыны праходзіць сур'ёзнае лячэнне і мае патрэбу ў паўнавартасным адпачынку перад паездкамі ў бальніцу.

Па тлумачэнні журналісты звярнуліся ва УП «Жыллё». На прадпрыемстве паведамілі, што пра сітуацыю ведаюць і профільныя спецыялісты ўжо займаюцца гэтым пытаннем. Як удакладнілі камунальнікі, на сённяшні вечар, у 18:00, паводле папярэдняй дамоўленасці з жыхарамі, запланавана камісійнае абследаванне сістэм водазабеспячэння для высвятлення дакладнай прычыны шуму.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула