БЕЛ Ł РУС

Францыя і Вануату спрачаюцца за два бязлюдныя астравы. Што ў іх такога важнага?

26.11.2026 / 07:00

Антось Жупран

Два малюсенькія вулканічныя астравы ў Ціхім акіяне, на якіх жывуць толькі марскія птушкі, сталі прычынай міжнароднай спрэчкі паміж Францыя і Вануату. У прычынах разбіралася The Guardian.

Адзін са стрэчных астравоў — Хантэр. Фота: Wikimedia Commons

На ўсход ад Аўстраліі, паміж незалежнай астраўной дзяржавай Вануату і Новай Каледоніяй, якая знаходзіцца пад кіраваннем Францыі, размешчаныя два невялікія вулканічныя астравы — Мэцью і Хантэр (Matthew і Hunter). Іх агульная плошча складае ўсяго 1,3 квадратнага кіламетра, а асноўныя насельнікі — марскія птушкі. Францыя лічыць гэтыя астравы часткай Новай Каледоніі, а Вануату — часткай сваёй тэрыторыі.

Адкуль узялася спрэчка

Да атрымання незалежнасці ў 1980 годзе Вануату знаходзілася пад сумесным кіраваннем Францыі і Вялікабрытаніі. Прычым яшчэ тады Парыж і Лондан спрачаліся наконт таго, каму належаць Мэцью і Хантэр.

Пасля абвяшчэння незалежнасці свае правы на астравы заявіла Вануату. Улады краіны спасылаюцца на шматвяковыя культурныя і гаспадарчыя сувязі з імі карэннага насельніцтва поўдня краіны.

Францыя тым часам рэгулярна накіроўвае на астравы вайсковыя экспедыцыі і нават размясціла там метэаралагічнае абсталяванне.

У апошнія гады актывізаваліся спробы ўрэгуляваць спрэчку дыпламатычным шляхам. У 2025 годзе гэтае пытанне абмяркоўвалі падчас сустрэчы ў Парыжы прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон і прэм'ер-міністр Вануату Джотам Напат. Аднак дамовіцца так і не ўдалося.

Чым каштоўныя гэтыя астравы

Галоўная каштоўнасць Мэцью і Хантэра заключаецца не ў саміх астравах, а ў правах на выкарыстанне рэсурсаў навакольных вод, якія дае валоданне імі.

Гаворка ідзе пра выключную эканамічную зону плошчай каля 350 тысяч квадратных кіламетраў — амаль як тэрыторыя ўсёй Германіі. У яе межах дзяржава мае выключнае права на выкарыстанне рыбных запасаў і іншых прыродных рэсурсаў, у тым ліку тых, што знаходзяцца на марскім дне.

Як адзначае прафесар міжнароднага права Аўстралійскага нацыянальнага ўніверсітэта Дональд Ротуэл (Donald Rothwell), эканамічная каштоўнасць гэтых правоў нашмат перавышае каштоўнасць саміх астравоў.

Пакуль на гэтыя рэсурсы прэтэндуе Францыя. Аднак цяпер Вануату спрабуе аспрэчыць не толькі прыналежнасць астравоў, але і права на такую вялікую эканамічную зону вакол іх.

Астравы Мэцью і Хантэр, за якія спрачаюцца Францыя і Вануату, пазначаныя на карце чырвонымі кропкамі. Карта: The Guardian.

Астравы ці скалы?

У жніўні гэтага года Вануату звярнулася ў Міжнародны суд ААН з просьбай прызнаць яе суверэнітэт над астравамі. Аднак для разгляду справы неабходная згода Францыі.

У кастрычніку Вануату задзейнічала яшчэ адзін прававы механізм, ініцыяваўшы арбітраж у адпаведнасці з Канвенцыяй ААН па марскім праве. Гэтым разам краіна спрабуе даказаць, што Мэцью і Хантэр з юрыдычнага пункту гледжання трэба лічыць не астравамі, а скаламі.

Паводле канвенцыі, скалы, якія не могуць забяспечваць існаванне чалавечых паселішчаў або самастойную гаспадарчую дзейнасць, не даюць права на выключную эканамічную зону і кантынентальны шэльф. Вакол іх можна прэтэндаваць толькі на тэрытарыяльнае мора шырынёй да 12 марскіх міль (каля 22 кіламетраў).

Калі арбітраж падтрымае пазіцыю Вануату, Францыя можа страціць права на выкарыстанне рэсурсаў значнай часткі навакольных вод, нават калі астравы застануцца пад яе кантролем.

Улады Вануату, аднак, не адмаўляюцца ад тэрытарыяльных прэтэнзій. Паводле віцэ-прэм'ера краіны Джоні Каанапы (Johnny Koanapo), вяртанне астравоў азначала б завяршэнне працэсу дэкаланізацыі. «Мы атрымалі незалежнасць, але так і не аднавілі цалкам сваю тэрытарыяльную цэласнасць», — заявіў ён.

Чытайце таксама:

qcrj

Каментары да артыкула