Украінская тэнісістка Эліна Світоліна ацаніла віншаванне з боку расіянкі Андрэевай як правакацыю
Расійская тэнісістка Міра Андрэева павіншавала ўкраінку Эліну Світоліну пасля перамогі над ёй у фінале выніковага турніру WTA. Аднак праз некалькі дзён у інтэрв'ю выданню «Суспільне» Світоліна назвала гэты жэст правакацыяй.
Эліна Світоліна пасля таго самага матча з Мірай Андрэевай. Фота: AP Photo/Gregory Bull
У сярэдзіне лістапада 19‑гадовая Андрэева выйграла выніковы турнір WTA, абыграўшы ў фінале Світоліну. Падчас цырымоніі ўзнагароджання расіянка звярнулася да саперніцы і павіншавала яе з паспяховым сезонам. Яна адзначыла, што Світолінай, напэўна, было цяжка прайграць у фінале, пахваліла яе за вяртанне ў спорт пасля нараджэння дзіцяці і назвала выдатнай маці.
Амаль адразу пасля матчу былы ўкраінскі тэнісіст Сяргей Стахоўскі, які трэніраваў Світоліну на гэтым турніры, назваў выступленне расіянкі «наўмыснай маніпуляцыяй». Ён звярнуў увагу, што Андрэева павіншавала ўкраінку, але нічога не сказала пра расійскую агрэсію супраць Украіны і гібель сотняў тысяч людзей. Стахоўскі таксама нагадаў, што тэнісістка публічна не асуджала вайну і прымала ўзнагароды ад Уладзіміра Пуціна.
Сама Світоліна спачатку не каментавала выступленне саперніцы, і толькі ўвечары 23 лістапада, пасля хвалі крытыкі, яна выказалася на гэту тэму ў інтэрв'ю выданню «Суспільне».
Світоліна заявіла, што Андрэева паводзіла сябе некарэктна. Паводле ўкраінскай тэнісісткі, расіянка ведала, што ўкраінскія спартсмены не паціскаюць рукі пасля матчаў і не фатаграфуюцца з прадстаўнікамі краіны-агрэсара. Таму публічнае віншаванне яна ўспрыняла як правакацыю.
Світоліна таксама адзначыла, што разумела: гэтая прамова выкліча шырокі розгалас у СМІ, якія, паводле яе ацэнкі, часта падтрымліваюць расійскі бок у падобных сітуацыях.
Чытайце таксама:
Расіянка Міра Андрэева цёпла звярнулася да ўкраінкі пасля перамогі на Выніковым тэнісным турніры
Сабаленка ўнеслі ў базу «Міратворца» пасля скандалу на матчы з украінкай Світолінай
Сабаленка пракаментавала, што яе нецэнзурныя словы адрасаваліся не Світолінай
Арына Сабаленка, падобна, нецэнзурна выказалася ў бок украінскай тэнісісткі пасля сваёй паразы