Расіяне паставілі ў Гомелі помнік былому ўладальніку горада — але пакуль не той, які анансаваўся
Падчас візіту ў Гомель 25 лістапада расійскай дэлегацыі на чале з міністрам замежных спраў РФ Сяргеем Лаўровым на тэрыторыі Петрапаўлаўскага сабора паставілі помнік Мікалаю Румянцаву. Ён быў расійскім дзяржаўным дзеячам, у тым ліку займаў пасаду міністра замежных спраў, і валодаў Гомелем з 1796 да 1826 года. Румянцава пахавалі ў саборы, аднак пасля прыходу бальшавікоў яго магілу разрабавалі, і яна не захавалася, піша «Флагшток».
Новы помнік Румянцаву ў Гомелі. Фота: Sputnik
У Гомелі ўжо ёсць помнік Мікалаю Румянцаву — яго паставілі ў 2001 годзе насупраць палаца. Новы манумент, які прывезлі расіяне, — невялікі бронзавы бюст працы вядомага маскоўскага скульптара Віталія Шанава.
У адкрыцці ўдзельнічаў, сярод іншых, намеснік начальніка ўпраўлення прэзідэнта Расіі па дзяржаўнай палітыцы ў гуманітарнай сферы і намеснік старшыні Расійскага вайскова-гістарычнага таварыства Мікалай Аўсіенка. Менавіта гэтае таварыства выступіла ініцыятарам усталявання бюста ў межах праграмы ўшанавання памяці кіраўнікоў расійскага знешнепалітычнага ведамства. З беларускага боку на цырымоніі прысутнічаў беларускі калега Сяргея Лаўрова Максім Рыжанкоў.
У прэс-рэлізе адзначаецца, што ініцыятыву ўхвалілі кіраўнікі Расіі і Беларусі, а саму падзею прымеркавалі да 200‑годдзя смерці Румянцава.
Першы бюст Румянцава насупраць палаца
Цяпер у Гомелі ёсць два помнікі гэтаму дзеячу, размешчаныя прыкладна за 200 метраў адзін ад аднаго. Новы бюст паставілі на тэрыторыі Петрапаўлаўскага сабора, дзе раней ужо збіралі розныя царкоўныя артэфакты, размяшчэнне якіх у грамадскіх прасторах горада было складана ўзгадніць.
Пра ўстаноўку новага помніка Мікалаю Румянцаву загадзя не паведамлялі. Падобную ідэю расійскія прадстаўнікі выказвалі яшчэ ў 2024 годзе, калі заявілі пра намер ушанаваць памяць «заснавальнікаў Гомеля». Аднак тады гаворка ішла пра помнік не Мікалаю, а яго бацьку Пятру Румянцаву. Быў нават падрыхтаваны эскіз, які паказвалі тагачаснаму старшыні гарвыканкама Уладзіміру Прывалаву.
Пазней абмяркоўваліся канкрэтныя планы паставіць у Гомелі помнік яшчэ аднаму расійскаму дзеячу і былому ўладальніку горада — Івану Паскевічу. У 2025 годзе каля Лебядзінай сажалкі ў парку адбылася цырымонія закладкі каменя на месцы будучага манумента. У жніўні 2026 года Гомельскі палацава-паркавы ансамбль абвясціў тэндар на яго ўстаноўку. Згодна з закупачнай дакументацыяй, асноўныя работы планавалася правесці з 1 да 30 лістапада.
Эскіз помніка Івану Паскевічу. Фота: Расійскае вайскова-гістарычнае таварыства
Таму чакалася, што расійская дэлегацыя прывязе ў Гомель менавіта помнік Паскевічу. Для яго таксама быў падрыхтаваны эскіз: меркавалася паставіць не бюст, а манумент у поўны рост. Магчыма, яго проста яшчэ не паспелі вырабіць, таму пакуль абмежаваліся больш сціплым бюстам Румянцава.