БЕЛ Ł РУС

«У нас больш няма грошай на ўсё». Мерц заклікаў немцаў рыхтавацца да скарачэння дзяржаўных выдаткаў

25.11.2026 / 19:38

Nashaniva.com

Федэральны канцлер Германіі Фрыдрых Мерц заклікаў жыхароў краіны рыхтавацца да скарачэння дзяржаўных выдаткаў. Пра гэта ён заявіў падчас дэбатаў у Бундэстагу, прысвечаных бюджэту, піша Süddeutsche Zeitung.

Фрыдрых Мерц. Фота: AP Photo/Matthias Schrader

«У нас больш няма грошай на ўсё. Усім нам, хто прысутнічае тут, давядзецца адмовіцца ад некаторых звыклых і дарагіх для нас уяўленняў», — сказаў Мерц.

Паводле яго слоў, у будучыні дзяржава ўжо не зможа за кошт падатковых паступленняў фінансаваць усё, да чаго грамадства занадта моцна і занадта доўга прызвычайвалася. Інакш у наступных пакаленняў — дзяцей і ўнукаў — не застанецца сродкаў, якімі яны маглі б самастойна распараджацца ў палітычным плане.

Мерц адзначыў, што краіне неабходна ўсвядоміць непазбежнасць такіх абмежаванняў і вызначыцца, якой яна хоча быць і што хоча мець.

Падчас дэбатаў канцлер таксама адказаў на крытыку бюджэтнага праекта з боку партыі «Альтэрнатыва для Германіі». Ён заявіў, што АдГ не разумее, што Уладзімір Пуцін хоча большага, чым проста Украіну. Паводле слоў Мерца, тыя, хто гэтага не ўсведамляе, альбо не разумеюць сучаснага свету, альбо маюць зусім іншыя мэты адносна свабоды, адкрытасці і ліберальнасці Германіі.

Апошнія некалькі тыдняў кіроўная кааліцыя Германіі вяла перамовы наконт федэральнага бюджэту на 2027 год. Праект прадугледжвае рэкордныя за ўсю гісторыю ФРГ выдаткі — каля 560 мільярдаў еўра.

У апазіцыі крытыкуюць бюджэт, у тым ліку праз прадугледжаную дапамогу Украіне. Самога Мерца абвінавачваюць у палітычнай некампетэнтнасці. Канчатковае галасаванне па бюджэце запланаванае на 27 лістапада. Да гэтага ў Бундэстагу працягваюцца дэбаты.

Чытайце таксама:

Працай Фрыдрыха Мерца незадаволеныя 88% немцаў

«Гэтай вайны можна было пазбегнуць». Канцлер Германіі назваў памылкай рашэнне не прымаць Украіну ў НАТА ў 2008 годзе

У Берліне распрацавалі план, як ЕС працягваць падтрымку Украіны нават пасля прыходу да ўлады Ле Пэн у Францыі

«Калі ласка, без сюрпрызаў!» Мерц засцярог Трампа ад другога Анкорыджа

Каментары да артыкула