Беларускі бязвіз падоўжылі яшчэ на год
Аляксандр Лукашэнка прыняў рашэнне падоўжыць на 2027 год бязвізавы рэжым уезду ў Беларусь для грамадзян 38 краін Еўропы, паведамляе прэс-служба палітыка.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: Lookby.media
Умовы бязвізавага ўезду застануцца ранейшымі. Грамадзяне 38 еўрапейскіх дзяржаў змогуць перасякаць мяжу Беларусі праз усе міжнародныя аўтамабільныя і чыгуначныя пункты пропуску, выкарыстоўваючы дзейныя дакументы для выезду за мяжу.
Тэрмін знаходжання ў Беларусі складае не больш за 30 дзён з дня ўезду. Для грамадзян Польшчы, Літвы, Латвіі, а таксама асоб, якія маюць статус неграмадзян Латвіі, ён абмежаваны 90 днямі.
Карыстацца бязвізавым рэжымам можна неабмежаваную колькасць разоў, аднак агульная працягласць знаходжання ў Беларусі на такіх умовах не павінна перавышаць 90 дзён на працягу каляндарнага года.
Таксама захаваецца бязвізавы парадак уезду праз беларускія аэрапорты.
Рашэнне аб увядзенні бязвізавага рэжыму ўпершыню прынялі ў 2022 годзе для грамадзян Літвы, Латвіі і Польшчы. У 2024 годзе яго пашырылі яшчэ на 35 еўрапейскіх краін. За гэты час Беларусь, паводле дзяржаўнай статыстыкі, наведалі больш за 1,4 мільёна грамадзян гэтых дзяржаў.
Чытайце таксама:
Як жывуць людзі ў найбліжэйшым да Беларусі латвійскім райцэнтры і што думаюць пра закрыццё мяжы