Малдова збіраецца далучыцца да еўрапейскіх санкцый супраць Беларусі
Улады Малдовы ўхвалілі пачатак працэсу ўзгаднення сваёй палітыкі з сектаральнымі санкцыямі Еўрапейскага саюза супраць Беларусі і Расіі. Пра гэта паведамляецца на афіцыйным сайце Міністэрства замежных спраў краіны.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: AP Photo/Vadim Ghirda
Міжведамасная назіральная рада пад старшынствам прэм'ер-міністра Васіле Тофана прыняла рашэнне падрыхтаваць да канца студзеня 2027 года дарожную карту. Яна павінна вызначыць, як Малдова будзе прыводзіць сваю палітыку ў адпаведнасць з сектаральнымі абмежавальнымі мерамі Еўрасаюза.
Адным з кірункаў гэтай працы стане далучэнне да санкцыйнай палітыкі ЕС у дачыненні да Беларусі і Расіі. Гаворка ідзе як пра сектаральныя, так і пра індывідуальныя абмежавальныя меры.
Як адзначаецца ў паведамленні малдаўскага МЗС, дарожная карта будзе грунтавацца на ацэнцы эканамічных і сацыяльных наступстваў далучэння да санкцый. У ёй таксама прадугледзяць меры для змякчэння гэтых наступстваў, вызначаць уразлівыя месцы, магчымасці адаптацыі і неабходнасць дадатковых дзеянняў.
Чытайце таксама:
У Малдове адмянілі канцэрт беларускага музыкі ДзіДзюЛі пасля зваротаў украінскіх дыпламатаў
Малдова ў перамовах аб уступленні ў ЕС ужо ў наступным годзе можа дагнаць Чарнагорыю
Малдова можа ўвесці для беларусаў візы
Улады Малдовы хочуць забараніць кіраўніку непрызнанага Прыднястроўя карыстацца аэрапортам Кішынёва