Прайграў нават дапамогу на дзіця. Суд на тры гады забараніў беларусу гуляць у казіно
У Бярозаўскім раёне 23‑гадоваму хлопцу на тры гады забаранілі ўдзельнічаць у азартных гульнях.
Нагодай для судовага разбіральніцтва стала складаная сітуацыя ў сям'і, якая выявілася пасля атрымання паведамлення аб неабходнасці заплаціць падатак на выйгрыш. Сума аказалася значнай — 12 тысяч рублёў, піша Onliner.by.
Менавіта з гэтага ліста маці даведалася пра гульнявую залежнасць сына. Пазней нявестка паведаміла ёй, што муж прайграў нават грошы, атрыманыя ў якасці дапамогі ў сувязі з нараджэннем дзіцяці.
Паводле звестак Маніторынгавага цэнтра па ігральным бізнэсе, на хлопца зарэгістравана шэсць гульнявых рахункаў. З ліпеня 2024 года па верасень 2026 года ён здзейсніў 2550 гульнявых аперацый са стаўкамі ад 2 да 3000 рублёў. Прычым толькі за два дні ў маі гэтага года праз адно анлайн-казіно прайшло 26 яго гульнявых аперацый на агульную суму 15 700 рублёў.
Разабрацца з грашыма дапамагла маці, але грошы жонцы хлопец так і не вярнуў. У інтарэсах жанчыны пракурор звярнуўся ў суд з патрабаваннем абмежаваць яе мужа ва ўдзеле ў азартных гульнях.
На пасяджэнні беларус прызнаў, што паставіў сям'ю ў цяжкае матэрыяльнае становішча, і не пярэчыў супраць забароны.
Цяпер на працягу трох гадоў ён не зможа наведваць ігральныя ўстановы і ўдзельнічаць у азартных гульнях анлайн. Рашэнне суда ўступіла ў законную сілу.
У судзе нагадалі, што з 25 лістапада ў Беларусі людзям, у дачыненні да якіх дзейнічаюць такія абмежаванні, забаронена ўдзельнічаць таксама ў электронных імгненных латарэях.