Абяцалі 1000 даляраў. Беларус паехаў на заробкі ў Расію і там двойчы трапіў у працоўнае рабства
Сяргей паехаў на заробкі ў Маскву, але замест зарплаты атрымаў збіццё і пагрозы. Гісторыю беларуса расказала арганізацыя «Альтернатива», якая дапамагае ахвярам працоўнага рабства.
У Маскву мужчына прыехаў на запрашэнне сябра. Аднак у дамоўлены дзень той не з’явіўся і перастаў выходзіць на сувязь.
На вакзале да Сяргея падышлі вярбоўшчыкі і прапанавалі іншы заробак — 1000 даляраў за працу на складзе. Ён пагадзіўся.
Беларуса завезлі ў сяло Сынкава ў Падмаскоўі, а на працу вазілі на склад у Чэхаве.
Паводле Сяргея, у доме жылі каля 20 чалавек — усе грамадзяне Беларусі. Адных, як і яго, вярбавалі ўжо ў Маскве, іншых прывозілі з Беларусі.
Мужчына расказаў, што яго білі і запалохвалі. Ён дагэтуль баіцца, што тыя людзі знойдуць яго на радзіме і спаляць дом.
Праз месяц Сяргей зразумеў, што грошай яму не заплацяць, але і адпускаць не збіраюцца. Тады ён здолеў уцячы з месца працы.
Мужчына зноў апынуўся на тым жа вакзале. Там ён пазнаёміўся з жанчынай на імя Ала. Тая сказала, што таксама родам з Гомеля і землякоў не кідае. Паабяцала дапамагчы зарабіць на білет дадому.
Але замест дарогі ў Беларусь Сяргея чакала паездка ў іншы «працоўны дом». Гэтым разам ён хутка зразумеў, куды трапіў. Праз тры дні ўцёк уначы — пералез праз плот, абмінуўшы калючы дрот.
Некалькі дзён беларус жыў на вуліцы і начаваў у пад’ездах. У паліцыю не звяртаўся: баяўся, што яго знойдуць тыя, ад каго ён уцёк. Жонцы таксама не расказваў — саромеўся таго, што з ім здарылася.
Урэшце на мужчыну звярнуў увагу Вячаслаў. Ён звязаўся з «Альтернативой», дапамог Сяргею пасяліцца ў хостэле і падарыў тэлефон.
На наступны дзень прадстаўнікі арганізацыі дапамаглі беларусу сабрацца і адправілі дадому, дзе яго ўвесь гэты час чакала жонка. Паводле «Альтернативы», Сяргей ужо вярнуўся ў Беларусь. Звесткі пра месцы, дзе яго ўтрымлівалі, арганізацыя збіраецца перадаць паліцыі.