На дыстанцыйнай працы зніклі святло ці інтэрнэт. Ці могуць звольніць за прагул?
Калі сувязь знікла не па віне работніка, звальняць яго за прагул не павінны. Але важна паведаміць кіраўніку пра праблему і сабраць доказы адключэння, патлумачыла адвакатка Вікторыя Станілевіч выданню «Мінская праўда».
Фота: vecteezy.com
Прагул — гэта адсутнасць на працы без уважлівых прычын больш за тры гадзіны за працоўны дзень: запар або сумарна. Аднак некалькі гадзін без адказаў у месенджары самі па сабе яшчэ не даказваюць прагулу.
Аварыйнае ці планавае адключэнне электрычнасці, збой у правайдара могуць пазбавіць чалавека магчымасці працаваць і выходзіць на сувязь. Паводле адвакаткі, калі гэта адбылося незалежна ад работніка, прычыну павінны прызнаць уважлівай.
Што зрабіць, каб пацвердзіць прычыну
- Папярэдзіць кіраўніка іншым спосабам. Калі працуе мабільная сувязь — патэлефанаваць, адправіць СМС або паведамленне з мабільнага інтэрнэту. Захаваць скрыншоты і звесткі пра званкі.
- Звярнуцца да пастаўшчыка паслуг. Зарэгістраваць паведамленне пра збой у правайдара ці энергазабеспячальнай арганізацыі і папрасіць пацверджанне, калі і па якім адрасе не было сувязі або святла.
- Прыкласці доказы да тлумачальнай, калі наймальнік запатрабуе растлумачыць адсутнасць на сувязі.
Адвакатка нагадвае: закрытага пераліку ўважлівых прычын у заканадаўстве няма. Спачатку іх ацэньвае наймальнік, а ў выпадку спрэчкі — суд.
Звольніць чалавека адразу, не запатрабаваўшы пісьмовага тлумачэння, наймальнік таксама не мае права.
Калі высветліцца, што працаваць перашкодзіла пацверджанае адключэнне электрычнасці ці сувязі, суд можа прызнаць звальненне незаконным. З усімі наступствамі для наймальніка.