«Раніцай ён ужо нічога не памятае». Супрацоўніца польскай кампаніі паскардзілася на п'янства беларускіх дальнабойшчыкаў — тыя адказалі
«Што дальнабойшчыкі ўсе п'юць — гэта стэрэатып. Проста калі такое здараецца, гэта больш прыкметна: п'яны кіроўца грузавіка можа нарабіць значна больш, чым п'яны токар», — расказаў нядаўна MOST уладальнік транспартнага бізнесу. Яго словы выклікалі спрэчкі. MOST сабраў розныя меркаванні на гэты конт.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: Thomas Lohnes / Getty Images
Суботні рытуал: віскі і званкі кіраўніцтву
Таццяна працуе эканамістам у міжнароднай транспартнай кампаніі, якая базуецца ў Польшчы. У яе абавязкі ўваходзіць афармленне дакументаў для супрацоўнікаў, разлік заробкаў, а таксама суправаджэнне дальнабойшчыкаў у пытаннях легалізацыі і бухгалтэрыі. Часцей за ўсё Таццяна ўзаемадзейнічае менавіта з беларускімі дальнабойшчыкамі.
— Я папрацавала ў некалькіх кампаніях, але кожны раз сутыкалася з падобнымі сітуацыямі. Тое, што беларускія дальнабойшчыкі п'юць, — гэта не стэрэатып, — кажа яна.
Суразмоўніца прыводзіць прыклад: адзін з дальнабойшчыкаў, які працуе ў кампаніі, прыдумаў суботні рытуал, каб прабавіць час на стаянцы.
Мужчына купляе бутэльку віскі і стварае групавы званок у WhatsApp, куды дадае ўсё кіраўніцтва фірмы. Таццяну таксама падключае да званка.
— Кажа ўсё запар: якія мы скнары, як няправільна сябе паводзім. Першы час мы, вядома, яго слухалі — не разумелі, што адбываецца. На раніцу ён ужо нічога не памятае, — расказвае Таццяна.
Падчас відэазванка мужчына паліць беларускія цыгарэты, седзячы з голым торсам, — гэта лічыцца абавязковай часткай рытуалу. Цяпер Таццяна прымае званок, толькі калі ёй сумна.
— Да нядзелі ён сціхае. На трасе праблем з гэтым супрацоўнікам ні разу не было — праязджае нармальны кіламетраж, не перавышае нормы расходу паліва, і п'яным яго ні разу не бачылі.
Менавіта з гэтай прычыны супрацоўніка не звальняюць: у кіраўніцтва няма фактычных прэтэнзій да таго, як ён выконвае абавязкі.
Палітычная спрэчка скончылася ў паліцэйскім участку
Яшчэ адна гісторыя здарылася з беларускім дальнабойшчыкам на беразе мора. Кіроўца сустрэў калег з Беларусі і Украіны. Пачалі выпіваць — завязалася палітычная спрэчка.
— Наш дальнабойшчык быў ідэйным — выступаў супраць Лукашэнкі, у той час як тыя двое мелі іншыя погляды, — тлумачыць прычыну канфлікту Таццяна.
Спрэчка перарасла ў бойку — дальнабойшчык з фірмы, дзе працуе Таццяна, ударыў аднаго з кіроўцаў, той атрымаў пералом. Людзі, якія адпачывалі на пляжы, выклікалі паліцыю — усіх удзельнікаў забралі ў аддзяленне.
— Ніводзін з іх не размаўляў па-англійску. Давялося наймаць адваката, каб ён дамовіўся, — гэта было вельмі дорага. Яны [дальнабойшчыкі] паміж сабой заключылі нешта накшталт міравога пагаднення проста ў паліцэйскім участку — іх выпусцілі.
Ездзіў без пашпарта
Аднойчы Таццяне давялося дапамагаць дальнабойшчыку, які згубіў свой беларускі пашпарт. Дзе менавіта гэта адбылося, мужчына не памятаў. Месяц кіроўца ездзіў па краінах без дакумента — сказаў, што робіць гэта на сваю рызыку.
— Потым у беларускай амбасадзе прасіў пасведчанне на вяртанне. Паехаў у Беларусь і замяніў дакументы.
«Патэлефанавала жонка — прасіла абмежаваць магчымасць напівацца»
Таццяна дадае, што падчас асабістых зносін з кіроўцамі нярэдка адчувае пах перагару. У жанчыны склалася ўражанне, што многія дальнабойшчыкі пакутуюць ад алкагольнай залежнасці.
Беларуска мяркуе, што празмернае ўжыванне алкаголю звязанае з тым, што ў рэйсах мужчыны вызваляюцца з-пад кантролю сваіх жонак — і нібы зрываюцца з ланцуга.
— Аднойчы нават патэлефанавала жонка аднаго з дальнабойшчыкаў — прасіла абмежаваць магчымасць напівацца. Бо тыя з'язджаюць і п'юць так, нібы дома ім ніхто не дае гэтага рабіць, — кажа Таццяна.
Адна з галоўных прычын, чаму кіроўцаў не звальняюць за падобныя паводзіны, — дэфіцыт кадраў.
— Ужыванне алкаголю — увогуле вялікая праблема сярод дальнабойшчыкаў, не толькі беларускіх, — дадае жанчына.
Зрэшты, Таццяна прызнае, што сярод кіроўцаў хапае тых, хто не мае праблем з алкаголем.
— Ёсць прыхільнікі здаровага ладу жыцця, якія гантэлькі з сабой возяць, па музеях ходзяць. Розныя людзі. Але аматараў выпіць хапае.
«Побач можа быць мора ці горы — многія карыстаюцца гэтым шанцам»
Андрэй (імя змененае) працуе дальнабойшчыкам і прызнае, што п'янства — распаўсюджаная ў гэтай сферы з'ява.
— Не скажу, што п'юць усе. У працэнтных суадносінах — гэта каля 30—40% кіроўцаў, — ацэньвае ён. — Залежыць ад кампаніі, дзе яны працуюць: чым горшая кампанія, тым больш там супрацоўнікаў, якія п'юць.
Але Андрэй адзначае, што многія кіроўцы аддаюць перавагу іншаму баўленню вольнага часу: ідуць гуляць па горадзе ці катаюцца на веласіпедзе.
— У залежнасці ад таго, дзе стаіш, побач з табой можа быць мора, горы ці іншыя маляўнічыя мясціны — многія карыстаюцца гэтым шанцам, — кажа ён.
«Не гляджу на алкаголь на прылаўках»
Уладзімір працуе ў Еўропе і ведае гісторыі многіх калег-дальнабойшчыкаў. Усе яны цвярознікі.
— Мой знаёмы, каб стаць дальнабойшчыкам, прадаў сваю машыну і падчас пандэміі прайшоў навучанне ў Беларусі, а ў Польшчы атрымаў код 95 (сертыфікат прафесійнай кампетэнтнасці кіроўцы. — Заўв. MOST).
Гэта далося яму вельмі цяжка. Ён настолькі цэніць свае правы, што практычна не п'е. Ён едзе мэтанакіравана зарабіць грошы. А калі вяртаецца, сям'я яго любіць — так што ён і ў сям'і не п'е.
Іншы знаёмы ўсё жыццё займаўся спортам. Ён штодзень бегае. Раніцай — проста гімнастыка. Потым ад'ездзіў свае сем-дзевяць-дзесяць гадзін — і прабягае каля васьмі кіламетраў. Штодня. Не паліць, не п'е.
Ці чалавек будуе дом у Беларусі і разам з жонкай выязджае ў кадэнцыю. У кадэнцыі яны не п'юць увогуле. Дома — хатняе віно, якое самі робяць.
Я таксама не гляджу на алкаголь на прылаўках, даўно абыходжу ўсе гэтыя аддзелы. Мне цікава паспрабаваць нейкі фрукт, які духмяна пахне. Якое-небудзь цікавае мяса, якога ніколі не каштаваў.
Увогуле нячаста я тут [на стаянках] сустракаў нейкія п'яныя кампаніі. Можа, таму, што не імкнуўся.
А хто не ўмее сябе кантраляваць — такія людзі проста не затрымліваюцца тут надоўга. Едзеш па трасе, за табой едзе паліцыя ці нейкі інспектар — ты іх нават не будзеш бачыць. І калі пачнеш сябе неадэкватна паводзіць — віляць, рэзка прытармажваць — цябе спыняць. Можа, ёсць смельчакі, якія выпіваюць і едуць, але гэта дакладна не пагалоўная з'ява.