«Забінтуй руку, каб даўжэй захаваць поціск». З’явіліся малавядомыя фота візіту Ніксана ў Мінск з яго архіва ФОТЫ
Беларус Павел напісаў у архіў 37‑га прэзідэнта ЗША і папрасіў здымкі з паездкі таго ў Беларусь. У адказ атрымаў цэлую падборку: сустрэча ў Мачулішчах, усмешлівая Патрыцыя Ніксан, мінчане ўздоўж праспекта і закуліссе афіцыйных цырымоній. Пра гэта расказаў блогер Дзяніс Блішч і апублікаваў некалькі рэдкіх фота. А ў Threads і сам Павел апублікаваў здымкі і сямейны ўспамін пра той дзень.
Рычард Ніксан і яго жонка Патрыцыя наведалі Беларусь 1 ліпеня 1974 года. У Мачулішчы яны прыляцелі на савецкім Іл-62, які амерыканцы называлі Soviet I.
Сярод людзей, якія сустракалі гасцей каля трапа, была маці жонкі аўтара Threads-акаўнта pawiels. Павел расказаў яе ўспамін:
«Для нас вызначылі месца злева ад трапа, справа — члены ўрада. Пакуль Ніксану прадстаўлялі партыйнае кіраўніцтва, Патрыцыя віталася за руку з тымі, хто сустракаў, — у тым ліку і са мной».
Першая лэдзі ЗША зрабіла на жанчыну вялікае ўражанне. Праз паўстагоддзя ў памяці засталіся зусім не пратакольныя дэталі: «Ружовая сукенка ў дробны гарошак, туфлі на нізкім хаду, фігура маладой дзяўчыны. Зблізку я заўважыла: яна ўся ў вяснушках».
Пасля на працы жартавалі: «Забінтуй руку, каб даўжэй захаваць поціск».
Скуль фота і што на іх
Дзяніс Блішч расказаў, што з архіва Ніксана даслалі сканы фотастужак з мноствам паслядоўных кадраў. Частка здымкаў абведзеная зялёным маркерам. На думку блогера, так маглі пазначаць фатаграфіі, адабраныя для афіцыйнай хронікі.
Візіт здымалі некалькі фатографаў Белага дома, сярод іх Карл Шумахер, Роберт Кнудсен і асабісты фатограф Ніксана Олівер Аткінс. У архіўным каталогу захаваліся апісанні нават дробных эпізодаў.
Пасля сустрэчы ў Мачулішчах гасцей павезлі ў рэзідэнцыю «Заслаўе», дзе адбыўся афіцыйны абед. Затым былі ўскладанне вянка на плошчы Перамогі і паездка ў Хатынь. Увечары Ніксаны вярнуліся ў Маскву — беларускі візіт заняў адзін дзень.
Адзін з найбольш вядомых кадраў той паездкі — Ніксан за вялікім пісьмовым сталом, пастаўленым проста пад адкрытым небам у Хатыні.
Ён зрабіў запіс у кнізе ганаровых гасцей: «Няхай гэты кранальны мемарыял ахвярам вайны ўмацуе рашучасць усіх, хто прыходзіць сюды, стварыць жывы помнік загінулым — свет міру для іх дзяцей і ўнукаў».
Пад запісам стаіць і подпіс Патрыцыі Ніксан.
Крыху больш чым праз месяц пасля гэтых здымкаў, 9 жніўня 1974 года, Рычард Ніксан падасць у адстаўку праз Уотэргейцкі скандал.