БЕЛ Ł РУС

«Параўнала цэны з польскімі — ашалела». Як айцішнік працуе ў Грэцыі, дзе няма ксенафобіі, спешкі і амаль айцішкі

26.11.2026 / 12:22

Nashaniva.com

Як уладкавана ІТ-індустрыя ў Грэцыі? Ці лёгка знайсці ў ёй працу замежніку з добрай англійскай, але з нулявой грэцкай? І чым добры грэчаскі падыход да жыцця, які часам моцна раздражняе?

Фота: Unsplash

Пра плюсы, мінусы і падводныя камяні ІТ-эміграцыі ў краіну, якую астатнія вывучаюць у адпачынках, расказвае Senior QA Engineer [старшы інжынер па тэсціраванні праграмнага забеспячэння] Вераніка (імя змененае]). ІТ-кар'ера дзяўчыны пачалася ў Беларусі, а цяпер яна працуе ў грэцкім офісе транснацыянальнай прадуктовай кампаніі са штаб-кватэрай у ЗША, піша Devby.io.

«Працу шукала такую, каб заробак быў не ніжэйшы, чым у Беларусі»

— Да таго, як пераехаць у Грэцыю, вы там ужо бывалі?

— Не, трапіла ўпершыню.

— Але нейкія чаканні ад гэтай краіны, напэўна, былі? 

— Ведаеце, я заўсёды хацела пераехаць на мора. І вось атрымалася. 

— Краем вуха мы чулі пра офіс EPAM у Афінах. Але агулам, калі гаворка заходзіць пра мігрантаў-беларусаў у Грэцыі, думаеш хутчэй пра турбізнэс, чым пра ІТ. А як вы туды патрапілі?

— Адразу скажу: я нікуды не рэлакавалася. Калі я сюды прыехала, я яшчэ працавала ў іншай кампаніі са штаб-кватэрай у Германіі (у мінскім офісе). І спачатку ў мяне была гэтая ж праца, толькі аддаленая. А ў Грэцыю я прыехала таму, што мой муж, тады яшчэ будучы, — грэк. Ён, дарэчы, таксама айцішнік, з вялікім досведам працы.

Неўзабаве пасля пераезду мы спынілі адносіны з маёй папярэдняй кампаніяй: там былі масавыя скарачэнні, пад якія трапіла прыкладна чвэрць супрацоўнікаў па ўсіх офісах. Кампенсацыю заплацілі дастаткова добрую, за тры-чатыры месяцы наперад.

І я занялася пошукамі працы на тутэйшым рынку. Усё гэта заняло шмат часу.

У Грэцыі ёсць дзве галіны, якія прыносяць вялікія грошы: турыстычны бізнэс і shipping, марское суднаходства. А вось ІТ-рынак даволі слабы.

Вядома, тут, як у краіне Еўрасаюза, ёсць офісы буйных міжнародных кампаній. Але буйных грэцкіх ІТ-кампаній, як у Беларусі, тут няма. І інжынеры тут (можа, мяне потым за гэта памідорамі закідаюць) не нашага ўзроўню. Толькі ў вельмі буйных кампаніях тут будуць такія добрыя спецыялісты. Карацей, Грэцыя зусім не завостраная пад ІТ-галіну. Няма ў іх такой неабходнасці.

Удадатак мой пераезд прыпаў якраз на пачатак масавых скарачэнняў. І ўся гэтая справа зацягнулася.

Але часу я не губляла. Скончыла каля пяці курсаў па розных кірунках.

— А працу шукалі менавіта ў QA?

— У QA, у аўтаматызацыі, у сферы HMI. У працэсе пошуку ў мяне былі прапановы, якія я не прымала па розных прычынах. Якіх? Напрыклад, мой заробак тут павінен быў быць не ніжэйшым, чым у Беларусі.

— Былі і такія прапановы?

— Так. Я ведаю, што гэта нармальная сітуацыя для краін цэнтральнай Еўропы, калі заробак тэхнічных спецыялістаў асабліва і не адрозніваецца ад сярэдніх заробкаў у таксі, на складзе, дзесьці яшчэ. У мяне ёсць знаёмыя ў Польшчы, там гэта 1300‑1500 еўра. У Германіі ўсё тое ж самае, але на ўзроўні каля 3000 еўра і ў тых, і ў тых.

У Грэцыі тэхнічны персанал цэніцца крыху вышэй за звычайных работнікаў, але не асабліва. Медсястра, настаўнік будуць атрымліваць прыкладна тое ж самае. Ну, можа быць, айцішніку дадуць крышачку больш. У Беларусі гэта ўсё зусім па-іншаму. Прынамсі, было.

— Як шукалі працу?

— Праз LinkedIn. Ведаю, што людзі адсылалі па 200-300‑500 водгукаў на вакансіі і маглі не атрымаць адказаў, але ў мяне з адказамі ад HR усё было нядрэнна. Думаю, гэта якраз таму, што сектар QA тут наогул слаба развіты, такіх спецыялістаў мала, а тыя, што ёсць, не асабліва моцныя.

Дадам, калі б я сядзела наогул без грошай — я б знайшла працу хутка, у тым жа турызме тут вельмі шмат месцаў. Але ў мяне была асабістая падушка бяспекі і будучы муж. Але тут самі разумееце, сітуацыі ў жыцці розныя бываюць — сёння муж, заўтра не муж. Больш я разлічвала на сябе.

— Муж не дапамагаў у пошуках? 

Ён працуе ў іншай кампаніі, якая займаецца паромнымі перавозкамі паміж астравамі, якія ў Грэцыі вельмі развітыя. На той момант ён быў вядучым праграмістам. І, вядома, прапаноўваў мне паспрабаваць уладкавацца ў гэтую кампанію. Але такая справа — у іх там наогул няма QA.

— Добрай англійскай для працы ў Грэцыі дастаткова?

— Так, мясцовых кампаній жа асабліва і няма. Офісы ў іх у Афінах, а менеджары сядзяць у Вялікабрытаніі ці ў ЗША. 

Адкрыта кажучы, я і не збіралася вучыць грэцкую ў той момант. Будучы муж са мной размаўляў на чыстай англійскай. Неяк я задала яму пытанне, ці трэба мне вучыць грэцкую. Ён адказаў: «Як хочаш». 

Дарэчы, акрамя англійскай я добра ведаю нямецкую. І неяк у нас была думка пра тое, што з Грэцыі мы, магчыма, паедзем у Германію ці ў Швейцарыю — куды-небудзь, дзе тэхнічны сектар мацнейшы.

«Падаткі — 30% заробку», ДНЖ чакаць доўга

— Па якім трэку вы легалізоўваліся — як ІТ-спецыяліст ці як жонка?

— Як жонка. Прыехала я яшчэ па візе, пасля заключэння шлюбу мне далі temporary permit, такі часовы дакумент, які дазваляе легальна знаходзіцца ў краіне, працаваць, мець страхоўку ў чаканні ВНЖ. 

Зрэшты, ёсць у Грэцыі і Digital Nomad Visa — на год. Калі ты ўладкаваны тут афіцыйна і плаціш падаткі, табе яе дадуць і будуць падаўжаць. Праўда, гэта не хуткі працэс.

З ДНЖ таксама ўсё доўга. Я чакаю яго ўжо больш за два гады. Наогул з гэтым temporary permit жыць можна. Банкаўскі рахунак, напрыклад, адкрылі мне.

— А вы можаце выязджаць, пакуль чакаеце ДНЖ?

— Нам казалі, што па temporary permit нібыта можна, але я пабойвалася. Таму, калі я ваязджала, зрабіла сабе грэцкую візу, каб катацца па ЕС. Сказала ў пасольстве: хлопцы, вы мне пакуль не даяце ВНЖ, дайце хаця б візу. Далі гадавую, з ёй магу выязджаць/уязджаць у Грэцыю.

— Якія ў Грэцыі падаткі?

Тут прагрэсіўная падатковая шкала, стаўка падатку залежыць ад сумы гадавога даходу. Для заробкаў, меншых за 10 000 еўра на год, гэта будзе 9% гадавых, а калі заробак перавальвае за 40 тысяч еўра, — ужо пад 40%. А калі даход яшчэ вышэйшы, падатак даходзіць амаль да 45%.

На пачатку 2026 года падатковая рэформа ў Грэцыі знізіла на 2 працэнтныя пункты падаходны падатак на даходы ў памеры ад 10 да 20 тысяч еўра (з 22 да 20%), ад 20 да 30 тысяч еўра (з 28 да 26%) і ад 30 да 40 тысяч еўра (з 36 да 34%). Таксама з'явілася новая прамежкавая ступень для даходаў ад 40 да 50 тысяч еўра (39%). Даходы звыш 60 тысяч еўра абкладаюцца падатком у 44%. Акрамя таго, цяпер моладзь ва ўзросце да 25 гадоў наогул не плаціць падаходны падатак, а работнікі ва ўзросце 26‑30 гадоў плацяць меншы падатак з сум ад 20 да 30 тысяч еўра (9% замест 20%).

А ёсць яшчэ сацыяльныя адлічэнні, называюцца EFKA. Калі ты ўладкоўваешся ўпершыню на працу, табе прысвойваюць нумар, з ім ты ідзеш у дзяржарганы, і на гэты нумар паступаюць твае ўзносы. Прыкладна 2/3 гэтых узносаў плаціць працадаўца, і 1/3 — работнік. Унёсак работніка — гэта каля 13% ад заробку.

EFKA пакрывае пенсійныя выплаты, дапамогу па беспрацоўі і медыцыну. У мяне ёсць і дзяржаўная медыцынская страхоўка, і прыватная, ад кампаніі. Яна пакрывае выдаткі да 30 000 еўра, па грэцкіх мерках не так ужо і шмат. А ёсць такія рэчы, якія прыватная страхоўка і не пакрые.

Напрыклад, ёсць такія французскія прэпараты, якія я прымала і ў Беларусі, але ў Беларусі іх не было. Па іх трэба было ездзіць у Маскву, і там мне рабілі гэтыя дастаткова дарагія ўколы. У Грэцыі ж, калі ты застрахаваны, доктар табе іх выпісвае, ты ідзеш у спецыяльную дзяржаўную аптэку і табе даюць гэты прэпарат коштам 400 еўра абсалютна бясплатна.

У выніку ты плаціш толькі доктару за працэдуру. Можа быць, 50 ці 100 еўра — але ўсё адно, эканомія прыстойная атрымліваецца. Гэта проста вельмі добры плюс.

— Заарыентуйце, колькі ў вас сыходзіць на падаткі і гэты грэцкі ФСАН на месяц?

Прыкладна 30% ад майго месячнага заробку.

 «Кватэра на моры за 40 км ад Афін — удвая таннейшая»

— Арэнда дарагая?

— На рэсурсе Numbeo параўноўваюць кошт жыцця ў розных краінах, там пазначана, што жыццё ў Грэцыі даражэйшае адсоткаў на 20%. Але ад знаёмых у Польшчы я ведаю прыкладны ўзровень цэн на арэнду ў Варшаве. Я, дарэчы, і сама там нядаўна была і магла параўнаць цэны. Дык вось, ад польскіх цэн я проста здурэла. Разумею, што гэта выглядае дорага толькі на фоне Беларусі. Але вось знаёмы ў Варшаве плаціць за кватэру з двума спальнямі і гасцёўняй 1300 еўра. Калі чалавек адзін так жыве і выдаткі на кватэру ні з кім не дзеліць — не ведаю, як такое можна здымаць.

У Афінах, калі табе патрэбна жыллё для сям'і з дзецьмі (дзве спальні і гасцёўня), можна знайсці кватэру за 700‑800 еўра. Калі ты адзін і падыдзе студыя — яе можна знайсці за 500 еўра.

Так, гэта будзе не самы люкс, як усе хочуць. Але гэта будзе нармальная жылая кватэра. Ведаю людзей, якія здымаюць тут жыллё за 500‑600 еўра.

— А наколькі ў грэцкім ІТ распаўсюджаная дыстанцыйка?

— У іх тут такі рытм жыцця, што яны ўсё ніяк не пяройдуць на афлайн. Калі я шукала працу, на адным з сумоўяў мне прапаноўвалі працу з умовай два разы на тыдзень наведваць офіс. І я адмовілася, не змагу так часта прыязджаць, таму што жыву ў прыгарадзе.

Мы знялі там кватэрку класную, каб лета праводзіць на моры, за 40 км ад горада. Узімку жывём у кватэры мужа ў Афінах, а ўлетку з'язджаем на мора. І тут такая кватэра (гасцёўня + спальня) абыходзіцца ўдвая танней. Калі ў цябе ёсць свая машына, цалкам рэальна знайсці прыдатную арэнду ў раёне 400 еўра. Гэта ўжо з камуналкай (прыкладна 100 еўра). Камуналка і электрычнасць тут дарагія. Мацней за ўсё б'е па кішэні, як і бензін.

Мой муж, дарэчы, ездзіць на працу ў офіс тры разы на тыдзень, у іх з гэтым строга. А я ў выніку знайшла цалкам аддаленую працу. І так патрапіла, што ў маёй камандзе адзін чалавек з Турцыі, другі ўлетку з'язджае да сябе на востраў, былі і супрацоўніцы-беларускі — адна з Кракава, другая з Познані. 

«Яны наогул не ксенафобы»

— Як наогул грэкі ставяцца да замежнікаў, калі разумеюць, што яны не турысты?

— Яны вельмі прыязныя. Наогул ніякай ксенафобіі, ніякага расізму, абсалютна. У нас ёсць суседка, жыве ў сваім доме, ёй 75 гадоў. Я дрэнна ведаю грэцкую, яна зусім не ведае англійскай, але гэта не перашкодзіла нам пасябраваць. Мы разумеем адна адну выдатна. Калі нейкіх слоў я не ведаю, падыходжу да яе з тэлефонам, уключаю Google Translate, і ўсё ў парадку. Але наогул тут вельмі шмат людзей ведаюць англійскую. Можа быць, не advanced, але з імі цалкам можна камунікаваць. Вось у Італіі, напрыклад, з гэтым была праблема. А тут яе няма.

Напрыклад, я хаджу тут у танцавальную школу. І там людзі, нават старэйшыя, без праблем размаўляюць са мной па-англійску. І выкладчык — нешта па-грэцку скажа, нешта па-англійску.

Калі назіраеш за грэкамі, хутка разумееш, што яны жывуць зусім у іншым тэмпе. 

— На фоне іншых краін Еўропы, у якіх я пабывала, у мяне тут быў пэўны культурны шок. У нейкіх момантах ён у мяне ёсць і цяпер. Але з часам прыходзіць разуменне, што не трэба лезці кудысьці са сваім самаварам. Хочаш — не хочаш, а грэкі будуць паводзіць сябе так, як прывыклі гэта рабіць дзесяцігоддзямі. Не будуць дзеля цябе рухацца хутчэй ці павольней.

— Гэтая іх няспешнасць неяк перасякаецца з грэцкай ІТ-індустрыяй? Мясцовыя айцішнікі таксама марудлівыя?

Ёсць у іх такая асаблівасць, калі дыялог ператвараецца ў свайго роду тэатр. Калі пры размове трэба адчуваць чалавека, яго менталітэт. Але ў астатнім… Не буду казаць за ўсю грэцкую айцішку агулам, але ў той кампаніі, у якой я працую, чагосьці спецыфічнага не адчула.

Усе ўсё робяць у нармальным тэмпе. Таму што ў ІТ усё завязана на грошы. У іншых сферах, можа, і чухаюць паўдня патыліцы.

А вось, напрыклад, сіга-сіга ў мясцовай бюракратыі мне зусім не падабаецца. Гэта адзін з двух галоўных мінусаў Грэцыі для мяне — бюракратычная машына. Дарэчы, кажуць, што яна ўжо лепш працуе, таму што яны перайшлі на электронную сістэму, і цяпер ужо па вельмі многіх пытаннях (напрыклад, па падатках) не трэба хадзіць у муніцыпалітэт. 

— А як камунікуеце з гэтымі павольнымі чыноўнікамі яшчэ і без грэцкай?

Безумоўна, дапамагаў муж, асабліва спачатку. Цяпер ужо я сама стараюся. Трэба было неяк адну паперку атрымаць, у дарослай такой жанчыны, якая не ведала англійскай. Але яна паклікала калегу сярэдніх гадоў, і тая без праблем са мной пагутарыла. Сярод іх абавязкова будзе чалавек, які зможа з табой пагаварыць і патлумачыць нешта па-англійску.

Ці вось нядаўна размаўлялі па тэлефоне з чыноўніцай з нагоды майго ДНЖ. Яна спакойна пыталася ў мяне па-англійску пра розныя дэталі, пра мой падатковы нумар і гэтак далей. Але калі там пачаліся нейкія нюансы, яна спакойна запытала: «Ці магу я працягнуць размову пра гэта з вашым мужам?» Я адказала — «Так, калі ласка». Так мы і працягнулі.

Яны наогул не ксенафобы. У гэтым плане ў Грэцыі ўсё добра.

— Вы сказалі, што галоўных мінусаў два. А які другі, пасля бюракратыі? 

Тут дастаткова брудна. Мне гэта вельмі не падабаецца. Спажыванне вялікае, смецце выкідваюць і смецяць усюды. Шкада на гэта глядзець. Такі ападзенны лес, такое ападзеннае мора розных колераў! Перламутравае, блакітнае, смарагдавае, сіняе. І ты едзеш уздоўж мора, паўз сосны — і навокал усюды выкінуты пластык.

«Для мяне ўжо гэтыя людзі ў чымсьці бліжэйшыя, чым «свае»

— У Грэцыі вы знайшлі яшчэ беларусаў? 

Тут ёсць і беларусы, і ўкраінцы. На поўначы горад Салонікі — так склалася, што там вельмі шмат рускіх. А яшчэ ёсць шмат пантыйскіх грэкаў, якія прыехалі сюды з Казахстана, Расіі. Трапляюцца рускамоўныя і на ўзбярэжжы, дзе мы праводзім лета. Не скажу, што я з імі сябрую — так, можам падысці адно да аднаго, павітацца, пагаварыць.

— А з кім кантактуеце, акрамя мужа?

Я займела кола стасункаў, звязанае з месцамі, у якія хаджу ў вольны час. Напрыклад, узімку я для здароўя наведваю басейн, саўну, спа, як рабіла гэта і ў Беларусі. Хаджу на танцы. І вось там кантактую — і з грэкамі, і з замежнікамі, і людзьмі змяшанага паходжання. З імі з усімі размаўляю па-англійску.

Чую людзей з нашага рэгіёна, але каб з кімсьці з іх у мяне завязалася сяброўства — такога няма. Я ўжо настолькі прывыкла да мясцовых, што для мяне ўжо гэтыя людзі ў чымсьці бліжэйшыя, чым «свае».

Большасць беларусаў, якія пабывалі ў Грэцыі, ведаюць яе як турысты. А што любяць у сваёй краіне самі грэкі? Куды вас вазіў муж, каб дамагчыся эфекту «вау»?

Грэкі вельмі любяць ездзіць у «свае» мясціны, адкуль яны родам. А ўвогуле гэта краіна, у якой сапраўды ёсць усё. Выглядае так, быццам ім больш нічога і не трэба, хоць некаторыя грэкі падарожнічаюць і за мяжу, напрыклад у Італію. Італьянцы — гэта іх суродзічы, як яны самі кажуць. Грэцкі лад жыцця вельмі падобны да італьянскага.

На поўначы Грэцыі ёсць высокія горы, самы глыбокі каньён у Еўропе і выдатныя гарналыжныя курорты. Узімку грэкі з задавальненнем туды ездзяць. А ўлетку — на астравы.

Мы былі на Крыце (Агіяс-Ніколаас, Рэцімна). На Крыце наогул вельмі шмат цікавага, трэба браць машыну і вандраваць. Вельмі класныя астравы ля заходняга ўзбярэжжа Грэцыі — Лефкас, Кефалонія, Корфу. Там колер вады сапраўды як на Карыбах.

Потым былі Кіклады з Сантарыні — гэта такія вулканічныя, камяністыя астравы. З чорным пяском, як на Канарскіх астравах. Самы фешэнэбельны з Кікладаў — Міканас, куды ездзіла тэнісістка Сабаленка са сваім жаніхом-грэкам. Туды, як і на Корфу, прыязджае заможная публіка.

На поўнач ад Афін ёсць вельмі класны востраў Скіятас у Спарадах. Яшчэ ездзілі на Пелапанес. Нафпліён — гэта проста візітная картка Грэцыі.

Вельмі шмат ёсць класных мясцін, гэта я далёка не ўсё пералічыла. Грэкі самі ўсё гэта таксама вельмі любяць, гэта не нейкая паказуха для турыстаў. Многія гараджане паходзяць з нейкіх астравоў, у іх там бабулі-дзяды і хаткі ля мора. І яны туды ездзяць на выходныя.

— Гэта як для мінчукоў лецішча дзе-небудзь у Радашковічах?

— Так, дакладна. Сябар майго мужа жыве ў Афінах, а бацькі ў яго на Закінфе. І лецішча там жа.

Транспартнае злучэнне іх таксама прыстасаваныя для такіх паездак. Ты сеў у машыну ў Афінах і з гэтай жа машыны выйшаў на сваім востраве. Таму што тут і дарогі выдатныя, і паромныя зносіны цудоўныя.

Я, дарэчы, хачу яшчэ пабываць на Радосе. Але туды плыць доўга, гадзін 9—10. Хачу менавіта на пароме на сваёй машыне, каб там не браць аўтамабіль напракат.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула