БЕЛ Ł РУС

У СІЗА памёр 63‑гадовы палітвязень Юрый Лукша

26.11.2026 / 18:20

Амалія Вітажэнец

Брэсцкага антыкрызіснага кіраўніка кінулі за краты за каментары. Але пакуль ён чакаў суда, сэрца не вытрымала.

Юрый Лукша. Фота палепшанае з дапамогай ШІ

«Нашай Ніве» стала вядома пра смерць у мінскім СІЗА 63‑гадовага Юрыя Лукшы. Сябры мужчыны кажуць, што ён чакаў суда менавіта па палітычным артыкуле — за напісанне двух каментароў, — але дакументальнага пацвярджэння гэтаму няма.

Да праваабаронцаў даходзіць толькі частка інфармацыі пра палітычны пераслед у Беларусі. Калі б сваякі Лукшы паведамілі пра арышт мужчыны, то яго, хутчэй за ўсё, прызналі б палітвязнем. Таксама яго б уключылі ў базу палітвязняў пасля суда і ў публічны міліцэйскі спіс «экстрэмістаў». Але ў выпадку Лукшы да суда не дайшло, таму статусу палітвязня ён не меў.

Юрый Лукша нарадзіўся 20 верасня 1962 года ў горадзе Жоўква каля Львова. Паводле звестак Belpol, да арышту ён шмат гадоў працаваў у Брэсце антыкрызісным кіраўніком — суправаджаў банкруцтвы і ліквідацыі прадпрыемстваў, пераважна будаўнічага профілю.

Юрый Лукша

Падзеі 2020 года і пачатак поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну, па словах знаёмых, мужчына перажываў вельмі цяжка.

Па Лукшу прыйшлі ў кастрычніку 2025 года. З Брэста яго перавезлі ў Мінск. Спачатку трымалі дзесяць дзён на Акрэсціна. Як потым расказалі сям'і сукамернікі, менавіта там ён моцна захварэў. Пасля перавялі ў СІЗА ў Калядзічах. Там Юрый часта скардзіўся, што яго турбуе сэрца.

Тым часам справа ішла да суда. Сам Юрый быў на пазітыве — і ён, і яго сям'я ўспрымалі сітуацыю з надзеяй і разлічвалі, што для яго як пенсіянера ўсё скончыцца «хатняй хіміяй».

Юрый Лукша, наколькі вядома, памёр ад сардэчнай недастатковасці 29 снежня 2025 года. Ён так і не дачакаўся суда. Цела аддалі сям'і толькі пасля Новага года.

Палітвязня пахавалі ў аграгарадку Ракітніца Жабінкаўскага раёна. У яго засталіся жонка і дарослая дачка.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула