БЕЛ Ł РУС

У Расіі арыштавалі генерала, які адказваў за ўзбраенне авіяцыі і СПА

26.11.2026 / 13:43

Nashaniva.com

Намесніка галоўнакамандуючага Паветрана-касмічнымі сіламі Расіі Юрыя Грэхава адправілі ў СІЗА. Генерал-палкоўніка абвінавачваюць у атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры.

25 лістапада вайсковы суд у Маскве арыштаваў Грэхава на два месяцы, паведамілі расійскія медыя. Паводле РБК, генерал віны не прызнае. За што менавіта ён мог атрымаць хабар і пра якую суму ідзе гаворка, пакуль невядома.

Грэхаў адказваў за ўзбраенне Паветрана-касмічных сіл — структуры, якая аб’ядноўвае расійскую вайсковую авіяцыю, супрацьпаветраную і супрацьракетную абарону. Гэтую пасаду ён займаў з 2021 года.

Да таго 64‑гадовы генерал шмат гадоў працаваў менавіта ў сістэме СПА. У 2013 годзе стаў начальнікам штаба — першым намеснікам камандуючага войскамі супрацьпаветранай і супрацьракетнай абароны. Усяго на вайсковай службе ён з 1979 года.

Арышт адбыўся на фоне рэгулярных удараў па аб’ектах, якія расійская СПА павінна прыкрываць — украінскія дроны дабіраюцца да расійскіх аэрадромаў і нафтаперапрацоўчых заводаў. Аднак пацверджанняў, што справа Грэхава звязаная з гэтымі праваламі, няма. Афіцыйная прэтэнзія да генерала — хабарніцтва.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула