БЕЛ Ł РУС

У Любліне пройдзе тэатральны фестываль «Блізкі Усход»

26.11.2026 / 15:28

Nashaniva.com

7—13 снежня ў Любліне пройдзе 5‑ы тэатральны фестываль «Блізкі Усход» (Bliski Wschód). Цягам падзеі будзе даследавацца тэма стойкасці, супраціву і жыцця ў часы пастаянных крызісаў.

Увага будзе нададзена досведу творцаў з Украіны і Беларусі, а таксама смеху — не як уцёкам ад складанай рэальнасці, а як спосабу прыняць яе, вярнуць дыстанцыю і часткова пазбавіцца ад ейнага ўціску, паведамляе bellit.info.

Паказы, чытанні, дыскусіі, канферэнцыі і мноства іншых падзей міжнароднага тэатральнага фестывалю «Блізкі Усход» пройдзе на дзясятку пляцовак Любліна.

Распачне фестываль навуковая канферэнцыя «Смех перад абліччам уціску: драматургія і тэатр выжывання», майстар-класы па напісанні п’ес і тэкстаў для тэатра, а таксама спектаклі «Казкі з Замка», «Пан Тадэвуш», «Зося» і адкрыццё некалькіх выстаў, у тым ліку ад фестывалю Pradmova. А напрыканцы дня — стэндап «Зона камфорту» ад Змітра Есяневіча і Андрэя Саўчанкі.

У аўторак, 8 снежня, Павел Белавус прачытае лекцыю, пройдзе сустрэча з драматургам Сяргеем Кавалёвым, некалькі тэатральных паказаў, а таксама ўкраінскі стэндап.

9 снежня акрамя лекцыі Марыны Золатавай адбудуцца паказы спектакляў «Мёртвы пункт» (рэж. Андрэй Новік), «Мінскае мора» (Вольныя Купалаўцы), «Пра Рамэа і Джульету… толькі іх звалі Маргарыта і Абульфаз» (паводле С. Алексіевіч).

10 снежня можна будзе сустрэцца на лабараторыі з Алесем Чумаковым, наведаць некалькі паказаў, у тым ліку «Маскі праўды» (рэж. Максіма Шышко).

У пятніцу, 11 снежня, пра «Ідэнтычнасць, будучыню, гонасць» будзе расказваць Уладзімір Мацкевіч. Настасся Панкратава прэзентуе кнігу «(Не)выкраслены: беларускі тэатр 2015-2025». Перфарматыўныя чытанні і сустрэча з Рышардам Купідурам.

12 і 13 снежня пройдзе кніжны кірмаш ад фестывалю PRADMOVA, а таксама цэлы шэраг адмысловых сустрэчаў: з Альгердам Бахарэвічам, Алегам Дзярновічам, Светай Бень. Юля Цімафеева прачытае п’есу «Кровазварот» на музыку Вольгі Падгайскай. А таксама спектаклі «Галасы Адысеі» (рэж. Андрэй Новік), «Дэпартамент прыемнасцяў» (Belarus Free Theatre), «Say Hi to Abdo» (рэж. Валянціна Мароз).

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула