Раней на іх ездзілі пенсіянеры, цяпер — падлеткі. У Еўропе бум на мікрааўтамабілі
Моладзь усё часцей аддае перавагу такім машынам перад мапедамі і скутарамі. Прычым у некаторых краінах сесці за руль можна ўжо ў 14 гадоў.
Фота: autohausdeckert / Instagram
Яшчэ некалькі гадоў таму маленькія двухмесныя аўтамабілі былі даволі спецыфічным відам транспарту. Імі карысталіся пераважна пажылыя жыхары сельскай мясцовасці, дзе дрэнна развіты грамадскі транспарт, а таксама людзі, у якіх забралі пасведчанне кіроўцы, у тым ліку за кіраванне ў нецвярозым стане.
Аднак за апошнія пяць гадоў продажы такіх машын у Еўропе выраслі ўдвая — з 30 да 60 тысяч за год. Пры гэтым, як піша ВВС, на падлеткаў цяпер прыпадае чвэрць усіх продажаў.
Такая папулярнасць сярод моладзі шмат у чым тлумачыцца асаблівасцямі еўрапейскага заканадаўства. Нягледзячы на знешняе падабенства да звычайных легкавікоў, гэтыя машыны адносяцца да катэгорыі лёгкіх квадрацыклаў — фактычна чатырохколавых мапедаў.
У Францыі і Італіі кіраваць імі можна з 14 гадоў, у Германіі і Іспаніі — з 15, а ў Вялікабрытаніі — з 16. У Францыі для гэтага дастаткова атрымаць пасведчанне аб веданні правілаў дарожнага руху і прайсці васьмігадзіннае навучанне.
Што змяніла рынак
Пераломным момантам стаў 2020 год, калі французскі Citroën выпусціў электрычны мікрааўтамабіль Ami з незвычайным футурыстычным дызайнам.
З'яўленне буйнога гульца на гэтым даволі вузкім рынку дапамагло і іншым вытворцам. Дзякуючы маштабнай рэкламнай кампаніі Citroën значна больш еўрапейцаў даведаліся, што кіраваць такімі машынамі можна яшчэ да паўналецця.
Адначасова Еўрасаюз зрабіў больш жорсткімі патрабаванні да двухколавага матарызаванага транспарту. Для многіх вытворцаў адаптацыя мапедаў і невялікіх скутараў да новых нормаў аказалася занадта дарагой, і іх месца на рынку пачалі займаць мікрааўтамабілі.
Змяніліся і самі машыны. Калі раней яны былі пераважна з рухавікамі ўнутранага згарання, то сёлета ў Францыі больш за дзве траціны новых мікрааўтамабіляў — электрычныя.
Вытворцы прапануюць усё больш камфортныя і тэхналагічныя мадэлі, кошт некаторых з якіх ужо супастаўны з коштам невялікага звычайнага легкавіка.
Перавагі і абмежаванні
У параўнанні з мапедамі і скутарамі мікрааўтамабілі лепш абараняюць ад непагадзі і ўспрымаюцца моладдзю як больш бяспечны транспарт. У французскага вытворцы Ligier на маладых людзей прыпадае ўжо 40% пакупнікоў.
Аднак магчымасці такіх машын абмежаваныя. Яны разлічаныя толькі на двух чалавек, іх максімальная хуткасць складае 45 кіламетраў у гадзіну, а выезд на аўтамагістралі забаронены. Нават на звычайных загарадных дарогах значная розніца ў хуткасці з іншымі транспартнымі сродкамі можа ствараць небяспечныя сітуацыі.
Тым не менш для падлеткаў, асабліва ў сельскай мясцовасці, гэта магчымасць самастойна дабірацца да школы і наведваць сяброў, незалежна ад планаў бацькоў і раскладу грамадскага транспарту. Прычым у Францыі той жа Citroën Ami можна арандаваць за 60 еўра на месяц без уліку страхоўкі.
Чытайце таксама:
У Беларусь прывезлі мініяцюрныя электракары, якія каштуюць менш за 8500 даляраў
Вось якія мадэлі аўтамабіляў перастаюць выпускаць. Трох асабліва шкада