Рэжысёр «Сабачага сэрца» Бортка — чый дзед быў расстраляны ў 1938‑м — зняў скандальны серыял пра Сталіна
Уладзіміра Бортку ведаюць па прарыўным «Сабачым сэрцы» і па экранізацыі «Майстра і Маргарыты» ў нулявыя. Цяпер ён здзівіў серыялам пра Сталіна — атрымалася эталонная прапаганда.
Фота: скрын з трэйлера
Новы серыял Борткі — нібыта кампіляцыя са спецыяльна падабраных сцэн, што мусяць даказаць правадырскія таленты Сталіна. У самым пачатку той дае ўказанні па захопе Берліна, і вось вынік — немцы паляць трупы Гітлера і Евы Браўн. Крыху пазней Бортка паказвае кадры з Лос-Аламаса, дзе амерыканцы працуюць над сваёй ядзеркай, пакуль Сталін нюхае ружы і пытаецца ў Курчатава, калі ж СССР створыць сваю ядзерную бомбу.
Далей нам пакажуць Патсдам, дзе Трумэн, Чэрчыль і Сталін абмяркоўвалі межы пасляваеннай Еўропы: у вачах Борткі заходнія лідары плятуць інтрыгі, а Сталін цвёрда прасоўвае сваё і выдае фразы накшталт «Варшава заўжды ўваходзіла ў склад Расіі», — хоць гэта і не так.
Колькасць штампаў у серыяле Борткі ўражвае. Ягоны Сталін — мудры правадыр, які выцягвае краіну ў цяжкія часы, калі ў яе столькі ворагаў. То і не дзіва, што такі серыял выйшаў менавіта цяпер, калі расійская прапаганда лепіць такога правадыра з Пуціна.
У серыяле шэсць серый: першыя тры з іх ужо выйшлі, апошнія тры з’явяцца 3 снежня. Але ж у сеціве ўжо з’явіўся водгук гісторыкаў на пятую з шасці серый, і з яго можна зрабіць выснову, як Бортка расказвае пра Вялікі тэрор і рэпрэсіі.
У той серыі ёсць цікавы дыялог, дзе Сталін расказвае Берыі, як ён прыняў Канстытуцыю 1936 года, каб аддаць уладу народу. Паводле той канстытуцыі народ нібыта мусіў выбіраць аднаго дэпутата з некалькіх, але сакратары мясцовых партыйных арганізацый запатрабавалі ладзіць надзвычайныя тройкі, каб знішчаць «ворагаў, якія будуць перашкаджаць выбарам».
Сталін гэта ўсё «стрымліваў як мог, але ахвяр было шмат».
Фота: скрын з трэйлера
Ад Борткі і не чакалі іншага погляду на Сталіна. Рэжысёр культавага «Сабачага сэрца» казаў журналістам, што сцэнар для цяперашняга серыяла быў гатовы яшчэ ў 2011 годзе, але тады «абстаноўка для рэалізацыі была не самая спрыяльная», а вось за апошнія 15 гадоў час «змяніўся кардынальна»:
«Сталін часам страшны. З гэтым няма сэнсу спрачацца. Але ён быў патрэбны. Не як канкрэтны чалавек з канкрэтным прозвішчам, а як функцыя, як інструмент, які гісторыя выкарыстала».
З нагоды новага серыяла ў сеціве завірусілася гісторыя дзеда Борткі. Той, таксама Уладзімір Бортка, нарадзіўся на Вілейшчыне, стаў адным з кіраўнікоў Курскай вобласці і быў расстраляны ў 1938 годзе. Нечаканая сямейная гісторыя для чалавека, які апраўдвае Сталіна.
Сам рэжысёр памятае пра свайго дзеда, але ж мае для той гісторыі зручнае тлумачэнне:
«Я не хачу сказаць, што гэта (Сталін — НН) была святлейшая асоба і херувім з крыламі, дастаткова таго, што мой дзед расстраляны ў 1937‑м (насамрэч гэта адбылося ў 1938‑м — «НН»).
Але наколькі ўдзельнічаў у гэтым Сталін, па-першае? А па-другое, мне падаецца, гэта быў чалавек на сваім месцы і ў свой час. І без гэтага чалавека мы з вамі наўрад ці бы тут сядзелі».
Адна з буйных роляў другога плану дасталася беларусу. Берыю ў серыяле грае Аляксандр Яцко, 68‑гадовы расійскі акцёр родам з Мінска, які няблага ўладкаваўся ў расійскім кіно. Месяц таму, напрыклад, выйшаў фільм «Нараджэнне імперыі» пра эпоху Пятра І, дзе Яцко граў гетмана Мазепу.
«Калі памру, на маю магілу прынясуць смецце, павесяць на мяне ўсё самае дрэннае», — кажа ў Борткі экранны Сталін. У спробах апраўдаць яго рэжысёр зняў серыял, які складана глядзець. Сцэнарысты не думаюць пра тое, каб неяк увесці гледача ў кантэкст складаных пасляваенных гадоў, не жадаюць ці проста не могуць раскрываць персанажаў. Усё гэта — лішняе ў гісторыі пра міфічнага правадыра, які аказаўся на сваім месцы і ў свой час. Тое, ці сапраўды Сталін быў такім чалавекам, у серыяле не лічаць вартым сумневаў.