«Сувязі з заграніцай» прыроўніваюцца да злачынства. Некалькі высноваў са «справы EU4Belarus — SALT»
КДБ правёў ператрусы ў людзей, якія атрымлівалі замежныя стыпендыі, і іх сваякоў. Справу, яе прычыны і наступствы аналізуе Мікола Бугай.
Мінск. Ілюстрацыйнае фота: LookByMedia
Я мяркую па сваім коле камунікацыі. Многія вакол мяне і апошнія гады ментальна заставаліся ў парадыгме 1990-2010‑х — калі можна было адносна свабодна займацца бізнэсам, гаспадаркай, медыямі ці, у гэтым выпадку, навуковымі даследаваннямі, калі ты «не лезеш у палітыку». Няма таго, што раньш было.
Цяпер доўгімі тэрмінамі зняволення караецца не толькі палітычная дзейнасць, але і апалітычная творчая ініцыятыва — жанчыне, якая арганізавала ў Мінску культурную прастору, далі пяць гадоў калоніі. (Чытай: справа Інгі Казючыц і «Парасона».)
Маем і новую ступень: рэжым крыміналізаваў не толькі пратэст, але і проста атрыманне замежных стыпендый: «сувязі з заграніцай» прыроўніваюцца да злачынства.
Рэпрэсіўнасць узрастае; усё больш забараняецца, усё больш караецца.
Калі браць канкрэтна навукоўцаў, то рэжым хоча, каб грошы ад дзяржавы і Расіі (праекты «саюзнай дзяржавы») былі адзінай крыніцай іх даходаў, каб навукоўцы былі змушаныя рабіць толькі тыя даследаванні, якія ўхваляюць фонды «саюзнай дзяржавы».
У такой сітуацыі бяспека людзей унутры краіны мае стаць галоўным прыярытэтам. Любое дзеянне павінна ацэньвацца, узважвацца: карысць супастаўна з рызыкамі.
«Блін! Я тых рассылак нават не адкрываю, а я там ёсць, аказваецца!» — гэта была рэакцыя майго сябра, да якога прыйшлі ўчора. А да чаго была тая рассылка? А ні да чаго, для птушачкі. А шмат жа такога робіцца — ніштожна карыснага.
Супраць нас — звяры. Тыя, хто жыве ў Вольным свеце, хто не сутыкаецца з тымі звярамі, хто забыў, як яны дзейнічаюць, як яны абыходзяцца з людзьмі, міжволі схільныя расслабляцца, забывацца пра рызыкі. А няможна расслабляцца ў нашай сітуацыі, калі ты дапамагаеш людзям унутры краіны.
* * *
Тэксты ў рубрыцы «Меркаванні» могуць супадаць, а могуць і не супадаць з пазіцыяй Рэдакцыі.