Пілотам і праваднікам airBaltic прапанавалі звальняцца або пераводзіцца ў Папуа — Новую Гвінею
Латвійская нацыянальная авіякампанія airBaltic на фоне фінансавых праблем прапанавала частцы супрацоўнікаў выбар паміж пераводам на працу ў іншую авіякампанію і звальненнем. Пра гэта паведамляе Reuters са спасылкай на ўнутраную перапіску кампаніі.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: Nicolas Economou/NurPhoto via Getty Images
У кастрычніку адпаведныя лісты ад кіраўніцтва атрымалі бортправаднікі і пілоты airBaltic. Паводле крыніц агенцтва, ім прапанавалі перайсці на працу ў авіякампанію Air Niugini з Папуа — Новай Гвінеі або звольніцца.
Адна з крыніц паведаміла, што для пілотаў існаваў і трэці варыянт: адмовіцца ад статусу капітана з адпаведнай лётнай кваліфікацыяй і надбавак, якія належаць за гэтую пасаду.
Акрамя таго, airBaltic плануе скараціць колькасць самалётаў Airbus A 220‑300 у сваім авіяпарку з 54 да 36 да канца 2026 года. Раней кампанія разлічвала павялічыць флот да 100 самалётаў да 2030 года.
Апошнія некалькі гадоў airBaltic перажывае крызіс. Ён пачаўся ў 2020 годзе з масавай адмены рэйсаў праз пандэмію COVID-19. Сітуацыю ўскладнілі войны: расійскае ўварванне ва Украіну прывяло да скарачэння пасажырапатоку кампаніі, а вайна на Блізкім Усходзе выклікала рост цэнаў на паліва.
Кантрольны пакет акцый airBaltic належыць ураду Латвіі. У верасні 2026 года кампанія падала ў ЗША заяву аб абароне ад крэдытораў, а ў кастрычніку абвясціла пра намер скараціць ад 500 да 700 працоўных месцаў.
Чытайце таксама:
Хакеры выкралі сотні тысяч асабістых звестак у авіякампаніі AirBaltic