БЕЛ Ł РУС

Пад Мінскам пабудуюць буйны прамысловы парк на 10 карпусоў

26.11.2026 / 23:47

Nashaniva.com

За аграгарадком Прывольны Мінскага раёна плануюць пабудаваць новы прамысловы парк. Архітэктурна-планіровачную канцэпцыю аб’екта вынеслі на грамадскае абмеркаванне. Інфармацыя з’явілася на сайце Мінскага райвыканкама, заўважыў Realt.by.

Новы комплекс зойме ўчастак плошчай 17,6 гектара побач з аграгарадком Прывольны (гэта 11 кіламетраў ад МКАД па магілёўскай трасе). Цяпер гэта тэрыторыя свабоднай эканамічнай зоны «Мінск», а да нядаўняга часу тут былі кукурузныя палі.

Згодна з канцэпцыяй, на тэрыторыі прампарка ўзвядуць 10 шматфункцыянальных вытворчых карпусоў: дзевяць аднапавярховых будынкаў і адзін трохпавярховы. Унутры карпусоў прадугледзяць адміністрацыйна-бытавыя памяшканні, а сам комплекс забяспечаць усёй неабходнай інжынернай і транспартнай інфраструктурай. Чакаецца, што тут будуць працаваць вытворчасці ў сферы машына– і прыборабудавання, метала– і дрэваапрацоўкі, лёгкай прамысловасці, а таксама прадпрыемствы будаўнічага комплексу.

Заказчыкам праекта выступае адміністрацыя СЭЗ «Мінск», а распрацоўшчыкам — прадпрыемства «Белпрампраект».

Агульная плошча ўсіх будынкаў дасягне 61 тысячу квадратаў (з іх 53 тысячы квадратаў зоймуць вытворчыя плошчы закрытага тыпу). Плануецца, што на новым аб’екце змогуць працаваць каля 1130 чалавек.

Грамадскае абмеркаванне праекта пройдзе з 30 лістапада па 15 снежня 2026 года. Азнаёміцца з матэрыяламі можна ўжо цяпер на афіцыйным сайце Мінскага райвыканкама (у раздзеле «Грамадскія абмеркаванні»).

Прэзентацыя канцэпцыі адбудзецца 10 снежня а 17:00 у актавай зале сельвыканкама ў Лугавой Слабадзе. Вынікі абмеркавання і прапановы, якія паступяць, разгледзіць архітэктурна-горадабудаўнічая рада пры Мінаблвыканкаме.

Чытайце таксама:

Змяніліся патрабаванні да праектавання жылых дамоў. Дазволілі большыя кватэры-студыі і памянялі нормы для санвузлоў і тамбураў

Забудоўшчык прэміяльнага квартала Depo ў Мінску расказаў, колькі ўсяго кватэр будзе ў гэтым ЖК

У Беларусі сталі выпускаць будматэрыял, якога не робяць у Кітаі

Каментары да артыкула