Прэмію Алеся Адамовіча атрымаў зборнік эсэ «Іду да вас, людзі»
Учора былі абвешчаныя пераможцы прэміі імя Алеся Адамовіча за 2026 год
Беларускі ПЭН
«За пошук еднасці ў часы рознагалосся прэміяй імя Алеся Адамовіча ганаруюцца аўтаркі і ўкладальніца анталогіі эсэ «Іду да вас людзі», што выйшла ў выдавецтве «Пфляўмбаўм», 2025), паведаміў Беларускі ПЭН.
Такім чынам сёлета лаўрэаткамі прэміі сталі ажно 18 аўтарак і ўкладальніца анталогіі Алена Казлова.
У анталогію ўвайшлі тэксты Юлі Арцёмавай, Тані Арцімовіч, Тафілі Багач, Вікі Біран, Ліны Брык, Евы Вежнавец (Святланы Курс), Вольгі Валошкінай, Стэфы Лісоўскай, Насты Захарэвіч, Югасі Калады, Зараславы Камінскай, Марыі Лапо, Міланы Лявіцкай, Марыі Пархімчык, Ксеніі Май, Юліі Чарняўскай, Вольгі Шпарагі і Ганны Янкуты.
Анталогія прысвечаная тэме суседства ў шырокім і вузкім сэнсе. У васямнаццаці эсэ сучасных беларускіх аўтарак сабраныя развагі пра тое, як мы пачуваемся сярод людзей іншых культур альбо падобных да нас, бачым і ўзаемаўплываем адно на аднаго, дзякуючы суседству.
Прэмія Адамовіча адзначае чалавечую годнасць, свабоду думкі і творчасці, а таксама ўшаноўвае асобу пісьменніка, грамадскага дзеяча і аднаго з заснавальнікаў Беларускага ПЭНа Алеся Адамовіча.
Прэміяй Алеся Адамовіча адзначаюцца творы і праекты, якія дапамагаюць асэнсоўваць сучаснасць, захоўваюць памяць пра ключавыя падзеі нашага часу і ўзнімаюць важныя грамадскія пытанні. Прэмія таксама ўшаноўвае спадчыну пісьменніка, грамадскага дзеяча і аднаго з заснавальнікаў Беларускага ПЭНа Алеся Адамовіча.