БЕЛ Ł РУС

У навапалачанкі выманілі 100 тысяч рублёў, прывёўшы лагічны аргумент і нават перавёўшы грошы

27.11.2026 / 10:38

Nashaniva.com

Жанчыне патэлефанавала нібыта супрацоўніца маркетплэйса.

Яна паведаміла, што на імя жанчыны паступіла пасылка, аплачаная іншым чалавекам, і прапанавала даставіць падарунак на дом. Для афармлення дастаўкі суразмоўніца папрасіла назваць код, які прыйшоў на тэлефон, паведамляе БелТА.

Адразу пасля гэтага з жанчынай звязаўся ілжэсупрацоўнік прадпрыемства па кантролі за электрасувяззю і паведаміў, што кодам завалодалі махляры.

Калі жанчына спытала, чаму ёй тэлефануюць праз месенджар, мужчына адказаў, што карыстаецца нібыта заканспіраваным каналам сувязі, бо звычайны званок могуць праслухоўваць.

Пасля гэтага жанчына размаўляла з фальшывымі супрацоўнікамі КДБ і Следчага камітэта. Даведаўшыся пра асабістыя зберажэнні пацярпелай, яны пераканалі яе перадаць наяўныя грошы для дэкларавання.

Частку сродкаў жанчына перавяла на падстаўныя рахункі, а астатняе перадала кур’еру. Калі на банкаўскую картку жанчыне паступіў заробак, яна паведаміла пра гэта махлярам. Тыя запатрабавалі ў яе банкаўскія рэквізіты і коды з SMS-паведамлення.

Толькі пасля выканання ўсіх патрабаванняў жанчына зразумела, што ўвесь гэты час размаўляла з махлярамі, і звярнулася ў міліцыю. Агульная шкода склала каля 105 тысяч рублёў.

Падчас расследавання высветлілася, што кур’ерам, які забраў частку зберажэнняў навапалачанкі, была 18‑гадовая дзяўчына з Мінска. Яе таксама падманулі злачынцы, па ўказанні якіх яна перавезла грошы ў Маскву.

Вярнуўшыся ў Беларусь, дзяўчына зразумела, у якую схему яе ўцягнулі махляры, і звярнулася ў міліцыю.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула