У 49 гадоў памёр палкоўнік Дунаенка, герой скандалу з прастытуткамі
Пасля таго, як «Кіберпартызаны» апублікавалі праслушку камандзіра 6‑й міліцэйскай брыгады, яго знялі з пасады і адправілі выкладчыкам у Вайсковую акадэмію. «Я хачу здохнуць!» — плакаўся Дунаенка каханцы пасля няўдалага паходу ў начны клуб.
Уладзімір Дунаенка
Стала вядома пра смерць палкоўніка Уладзіміра Дунаенкі, выкладчыка факультэта ўнутраных войскаў Вайсковай акадэміі Беларусі. Яму было 49 гадоў.
Жыццё Дунаенкі пакацілася па нахіленай у пачатку 2020-х. Ён тады служыў у 1‑й міліцэйскай брыгадзе 5448 пад Мінскам.
У пачатку 2020‑га ён стаў камандзірам брыгады. 5448 — часць унутраных войскаў, байцы якой пад кіраўніцтвам Дунаенкі бралі ўдзел у зверствах 2020-га.
Але ўжо ў 2021‑м пасля выпадку з'яўлення на рабочым месцы з фінгалам і іншымі слядамі перапою Дунаенку перавялі са сталіцы ў Гомель.
Палкоўнік стаў камандзірам 6‑й міліцэйскай брыгады 5525 і ў гэтым статусе праз год трапіў у чарговы скандал.
Уладзімір Дунаенка
«Кіберпартызаны» выклалі анімаваны фільм на аснове здабытых матэрыялаў праслушкі Дунаенкі.
З запісаў вынікала, што ён мае праблемы з алкаголем і здраджвае жонцы і з калегай, і з прастытуткамі ў клубах. «Я хачу здохнуць!» — плакаўся Дунаенка каханцы пасля няўдалага паходу ў начны клуб.
А ў калегі загадзя ўдакладняў, ці раптам не сустрэне ў клубе, у які ён збіраецца, «апазіцыйных» прастытутак.
Урэшце Дунаенку адправілі выкладчыкам факультэта ўнутраных войскаў Вайсковай акадэміі.