Расіянка пахвалілася, як набыла ў Беларусі дом, каб сэканоміць на аўто $24 тысячы
Дзяўчына не хавае, што збіраецца атрымаць беларускі ДНЖ выключна дзеля эканоміі на куплі аўто.
Скрыншоты: trykovaolesya / Instagram
Набыла дом, каб купіць машыну
Расійская блогерка расказала, што набыла ў Беларусі дом, каб сэканоміць на пакупцы аўто.
«Купіла дом у Беларусі за 150 000 расійскіх рублёў (каля $1800 — НН)», — яна тлумачыць, што ў агучаную суму ўваходзяць купля самога дома, плюс усе выдаткі на паездкі ў Беларусь, уключаючы афармленне дакументаў на дом і ДНЖ.
«Наш дом цагляны, у нас ёсць лазня, гараж і ўчастак на 20 сотак. Гэта не нейкая халупа за гэтыя грошы, гэта сапраўды добры, нармальны дом».
Алеся прызнаецца, што дом у Беларусі яны з мужам купілі для таго, каб пасля можна было набыць машыну на $24 тысячы танней, чым у іх у Расіі.
Блізка да Расіі
У якім канкрэтна раёне расіяне набылі дом, дзяўчына не называе, але кажа, што ён усяго за 20 кіламетраў ад мяжы з Расіяй.
На сваім прыкладзе блогерка раіць іншым таксама набываць нерухомасць у Беларусі і рабіць беларускі ДНЖ, каб можна было ездзіць на беларускіх нумарах і не плаціць драконаўскі ўтыльзбор у Расіі.
Яна таксама распавядала пра тое, што на аўто з беларускімі нумарамі нібыта можна парушаць правілы дарожнага руху ў Расіі і не атрымліваць за гэта штрафы з камер.
«У вас аўто на беларускіх нумарах, то-бок штрафы не прыходзяць у Расію».
Скрыншоты: trykovaolesya / Instagram
Праўда, працуе гэта парада да першай сустрэчы з расійскім даішнікам.
Як будзе са штрафамі насамрэч
Рэч у тым, што ў Расіі ўжо не першы год практыкуюць унясенне ў базу ГІБДД аўто на замежных нумарах і часам нават робяць адмысловыя рэйды. А ўласнікі такіх машын адзначаюць, што інспектары спыняюць іх нашмат часцей, чым машыны з мясцовай рэгістрацыяй.
Вядомая аўтаблогерка Наста Туман з год таму выкладвала відэа, дзе яе ў Маскве спыніў даішнік і спытаў, ці пісала яна ўжо «тлумачэнне».
Як высветлілася, пры першым спыненні паліцэйскі спачатку прабівае машыну з замежнымі нумарамі па базе на наяўнасць старых штрафаў, а пасля дае запоўніць тлумачальную паперку. У ёй расійскі кіроўца запісвае свае даныя і пазначае, што менавіта ён кіруе гэтым аўто. Гэта патрэбна для таго, каб паліцэйскі ўнёс даныя пра аўто і кіроўцу ў расійскую базу.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Як тлумачыў інспектар, пасля гэтага ўсе штрафы за парушэнне правілаў дарожнага руху, неаплату паркоўкі і праезд па платных дарогах будуць прыходзіць гэтак жа, як калі б чалавек ездзіў на аўто, зарэгістраваным у Расіі.
А што па беларускіх законах?
Расійская блогерка, якая хваліць схему з беларускім ДНЖ дзеля эканоміі на аўто, не распавядае пра тое, што ў Беларусі нельга проста набыць дом з участкам і закінуць яго. І што нават за няскошаную траву побач з домам можна атрымаць штраф.
Акрамя гэтага, яна не згадвае, што ўладальнік ДНЖ мусіць быць заняты ў эканоміцы і плаціць падаткі ў Беларусі, каб пасля заканчэння двухгадовага тэрміну ДНЖ мець магчымасць працягнуць яго і атрымаць наступны дакумент ужо на 5—10 гадоў.