Якія авіякампаніі закрываюцца ці ў крызісе з-за росту цэн на паліва?
Гэта не толькі airBaltic.
У салоне самалёта airBaltic. Фота: «Наша Ніва»
Пасля пачатку вайны ЗША і Ізраіля з Іранам рэзка падаражала авіяпаліва. Цяпер некаторыя авіякампаніі абвяшчаюць банкруцтва, перабудоўваюць даўгі або шукаюць грошы, піша Reuters.
Сярод тых, хто аказаўся ў цяжкім становішчы, агенцтва называе airBaltic, Volotea, Plus Ultra, Norse Atlantic, Spirit Airlines.
Пра праблемы латвійскай airBaltic мы ўжо пісалі. У верасні яна падала на банкруцтва і плануе скараціць 500—700 працоўных месцаў. Ад росту цэн на паліва яна не страхавалася загадзя. Урад Латвіі даў дзяржаўную гарантыю да €175 млн, каб кампанія магла знайсці прыватныя грошы.
Volotea (Іспанія) вядзе перамовы з крэдыторамі і дзяржаўным холдынгам SEPI, каб перабудаваць даўгі і атрымаць новыя грошы. Дамовіцца хоча да снежня.
Яшчэ адна іспанская авіякампанія — Plus Ultra — 23 лістапада спыніла свой апошні рэйс Мадрыд—Каракас. Раней сёлета ўжо адмяніла палёты ў Перу, Аргенціну і Калумбію. Плануе звальняць людзей.
Norse Atlantic (Нарвегія) спыніла палёты 26 лістапада. Калі тэрмінова не знойдзе грошай, падасць на банкруцтва. Паліва яна таксама не страхавала, а доўгія рэйсы спальваюць яго вельмі шмат. З ліпеня кампанія шукае пакупніка або партнёра для зліцця.
Spirit Airlines (ЗША) спыніла палёты 2 мая. Дзяржаўная дапамога не прыйшла, а крэдыторы не далі новых грошай. Да гэтага кампанія ўжо дамовілася, як выйсці з другога банкруцтва, але дарагое паліва сапсавала ўсе разлікі.