БЕЛ Ł РУС

Якія фільмы пакажуць на фестывалі «Паўночнае ззянне» ў Варшаве

27.11.2026 / 14:17

Nashaniva.com

Сёлета кінафестываль «Паўночнае ззянне» пройдзе з 11 па 13 снежня 2026 года ў новым фармаце — «Ззя weekend» у варшаўскім кінатэатры Kinoteka. Пакажуць чатыры фільмы, сярод якіх уладальнік «Сярэбранага мядзведзя» Берлінскага кінафестывалю і экранізацыя нямецкага аўтабіяграфічнага бестселера.

Кадр з фільма «Фрэнк»

Усе фільмы будуць паказаныя на мове арыгіналу з беларускімі і польскімі субцітрамі.

«Фрэнк», 2025, Эстонія

Рэжысёр: Тыніс Піль

11 снежня, 19:00, Варшава, к/т Kinoteka — квіткі на паказ

Кранальная гісторыя пра нечаканае сяброўства, ціск аднагодкаў і смеласць праяўляць свае пачуцці.

Пасля чарговага канфлікту з бацькам 13‑гадовы Паўль пераязджае да дзядзькі ў незнаёмы горад. Там ён далучаецца да кампаніі мясцовых падлеткаў і ў імкненні стаць сваім прымае адно дрэннае рашэнне за другім. Хлопец таксама знаёміцца з Фрэнкам, мужчынам з інваліднасцю, з якога здзекуюцца ягоныя новыя прыяцелі. Паміж імі завязваецца незвычайнае сяброўства, пра якое Паўль баіцца расказаць іншым хлопцам.

Тыніс Піль спалучае жорсткі сацыяльны рэалізм з нечакана паэтычнымі момантамі, даследуючы прыроду падлеткавай жорсткасці і ўяўленні пра маскуліннасць, якія прымушаюць хлопцаў хаваць уласную ўразлівасць. Стужка ўвайшла ў Балтыйскі конкурс Талінскага міжнароднага кінафестывалю і атрымала галоўную ўзнагароду SLM на міжнародным кінафестывалі SCHLiNGEL у Германіі.

Пасля паказу адбудзецца сустрэча з рэжысёрам Тынісам Пілем (Q&A). Глядачкі і гледачы змогуць даведацца больш пра стварэнне фільма, абмеркаваць узнятыя ў ім тэмы і задаць свае пытанні рэжысёру.

«Сонца і бетон», 2023, Германія

Рэжысёр: Давід Вненд

12 снежня, 18:00, Варшава, к/т Kinoteka — квіткі на паказ

Спякотнае лета. Чацвёра хлопцаў у праблемным раёне. Адна дурная ідэя.

Берлін, лета 2003 года. У раёне Гропіусштат пануе невыносная спёка. Пасля сутычкі з наркадылерамі 14‑гадовы Лукас мусіць заплаціць ім 500 еўра. Разам з сябрамі ён прыдумляе рызыкоўны план: скрасці са школы новыя камп’ютары і прадаць іх. Гэта мусіць вырашыць усе іхныя фінансавыя праблемы, прынамсі, так ім здаецца.

У аснове фільма: аўтабіяграфічны раман-бестселер нямецкага коміка і пісьменніка Фелікса Лобрэхта, які таксама выступіў суаўтарам сцэнару. Спалучаючы дынаміку крымінальнага кіно з сацыяльным рэалізмам, Давід Вненд ператварае берлінскі мікрараён у аднаго з герояў стужкі, а летнюю спёку — у метафару абставін, з якіх падлеткі адчайна спрабуюць вырвацца. Прэм’ера фільма адбылася ў праграме Berlinale Special у 2023 годзе, таксама стужка атрымала чатыры намінацыі на Нямецкую кінапрэмію.

«Усміхніся нарэшце», 1985, Эстонія

Рэжысёры: Лейда Лаюс, Арва Іха

12 снежня, 20:30, Варшава, к/т Kinoteka — квіткі на паказ

Класіка эстонскага кіно 1980‑х і пранізлівая гісторыя пра дзяцей, якія даўно забыліся, як плакаць.

16‑гадовая Мары, якая гадавалася без маці, бацькам з алкагольнай залежнасцю, трапляе ў дзіцячы дом, адкуль адразу ж спрабуе ўцячы. Чулай дзяўчыне цяжка прыстасавацца да грубых нораваў і жорсткіх гульняў іншых выхаванцаў. Паступова яна пачынае разумець, што за агрэсіяй і абыякавасцю яе аднагодкаў хаваецца не менш балючы досвед. Тут жа Мары перажывае сваё першае каханне.

Рэжысёрка Лейда Лаюс і кінааператар Арва Іха, што працаваў з Андрэем Таркоўскім, ствараюць пранізлівы партрэт грамадства на схіле савецкай эпохі, уздымаючы пытанне пра адказнасць дарослых за лёс найбольш безабаронных дзяцей і падлеткаў. Удзел пераважна непрафесійных актораў і акторак надае стужцы амаль дакументальную праўдзівасць. У 1987 годзе фільм атрымаў прыз UNICEF на Берлінскім кінафестывалі, а ў 2025 годзе міжнародная прэм’ера яго адрэстаўраванай версіі адбылася ў праграме Berlinale Classics.

«Разбуральніца сістэмаў», 2019, Германія

Рэжысёрка: Нора Фінгшайд

13 снежня, 17:00, Варшава, к/т Kinoteka — квіткі на паказ

Дзевяцігадовая Бэні маленькая, але небяспечная. Ніводная прыёмная сям’я ці спецыялізаваная ўстанова не можа даць з ёй рады. Сама ж дзяўчынка хоча толькі аднаго: вярнуцца дадому, да матулі, якая баіцца ўласнай дачкі. Калі ў жыцці Бэні з’яўляецца Міха, спецыяліст па працы з агрэсіяй, узнікае надзея на змены.

Фільм — уладальнік «Сярэбранага мядзведзя» Берлінскага кінафестывалю і васьмі ўзнагарод Нямецкай кінаакадэміі.

Падчас падрыхтоўкі да здымак Нора Фінгшайд некалькі гадоў даследавала сістэму сацыяльнай дапамогі дзецям.

Падтрымаць дзейнасць кінафестывалю можна, зрабіўшы данат.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула